з-за, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «з-за» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні напрамку руху ці дзеяння адкуль‑н., з чаго‑н., з процілеглага боку чаго‑н. Сонца ўзнялося з-за лесу. Выняць рукавіцы з-за пояса. Гукаць з-за дзвярэй. Дом віднеецца з-за агароджы. ▪ З-за сцэны даносіўся рознагалосы шум. Асіпенка. Марудна з-за кустоў маліны Выходзіць буры малады мядзведзь. Багдановіч.

2. Ужываецца пры абазначэнні руху ад таго прадмета, за якім хто‑н. знаходзіўся. Перакусіўшы, Рыгор вылез з-за стала і выйшаў з хаты. Гартны.

Прычынныя адносіны

3. Ужываецца пры ўказанні на прычыну або падставу дзеяння. Спрачацца з-за дробязей. ▪ — Табе трэба былі гэтыя ваўкі, — упікнула жонка Лявона, упэўненая, што дзед прастудзіўся толькі з-за аблавы на ваўкоў. Ермаловіч. // Ужываецца пры ўказанні на асобу, якая з’яўляецца прычынай чаго‑н. З-за яго столькі непрыемнасцей. ▪ — Чытай, чытай! — сказаў малому Багдан. — Не пакідай кніжку з-за мяне. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)