імпэ́т, ‑у, М ‑пэце, м.
1. Разгон, парывістасць, імклівасць. [Калёсы] коцяцца самі пасля вялікага разгону, і імпэт іх слабее з кожнай хвіляй. Бядуля. — Зірні на ручайкі — з якім імпэтам Яны свідруюць снег, туманах сточаны! Гілевіч. // Гарачы парыў, запал. Працоўны імпэт. □ [Таможнік і жандар] завіхаліся сярод багажу з такой рашучасцю, з такім імпэтам, што нам аж шкада стала: трэба ж нарабіць такога клопату людзям. Лынькоў.
2. Абл. Пах, дух. Калі дзьмуў вецер з поўначы, тут заўсёды пахла смалою, ішоў здаровы лясны імпэт. Чорны. Па хаце расплыўся цяжкі ўдушлівы імпэт атрутлівага самасею. Гартны.
[Ад лац. impetus — парыў, разбег, напор.]
імпэ́тны, ‑ая, ‑ае.
Хуткі, імклівы, парывісты. Імпэтны рух. □ Гэта быў дужа імпэтны скачок, Іван не ўстаяў на нагах, пісталет выпаў, і яны абое, чалавек і сабака, пакаціліся па зямлі. Быкаў. // перан. Палымяны, гарачы. Імпэтны настрой. Імпэтны працаўнік. Імпэтная маладосць.