Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

энклі́за, ‑ы, ж.

Спец. Прымыканне склада ці слова к папярэдняму слову са стратай націску і ўтварэннем адзінага фанетычнага слова.

[Грэч. enklisis.]

энклі́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

У лінгвістыцы — слова, якое не мае ўласнага націску і стаіць пасля націскнога слова, да якога яно непасрэдна прымыкае, утвараючы разам з ім адно цэлае ў адносінах націску, напрыклад: «там жа», «згуляць бы».

[Ад грэч. enklitikós — які нахіляецца назад.]

энкліты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да энклітыкі; з’яўляецца энклітыкай. Энклітычныя часціцы.

э́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які абазначаецца ў формулах умоўным сімвалам — лацінскай літарай N, n у значэнні: любы, які хочаш, усякі (пра велічыні). Энны член. Энны лік.

2. перан. (звычайна са словамі: «колькасць», «лічба»). Нявызначанай велічыні, колькасці, вялікі, неабмежаваны. І ўсё ж сваёй шчодрай рукой Выдала [восень-бухгалтарка], згодна з патрэбамі, Энную суму для ўцехі людской... Кляўко. Ведаю: прысніцца на зорцы ў бядзе радзімы белы абрус, бярозка з-пад Мінска на эннай вярсце, белая Белая Русь. Стрыгалёў.

э́нскі, ‑ая, ‑ае.

Ужываецца замест назвы, якая па якіх‑н. прычынах павінна застацца невядомай і не можа быць указана; абазначае: нейкі. На заставе энскай, На застрэшку гор — Хлопцы са Смаленска І адзін маёр. Голуб.

[Ад назвы лац. літары «n».]

энта...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «унутраны», «унутры», напрыклад: энтадэрма.

[Ад грэч. entós — унутры.]

энтадэ́рма, ‑ы, ж.

Спец.

1. Унутраны зародкавы лісток мнагаклетачных жывёлін.

2. Унутраны слой сценкі цела кішачнаполасцевых.

[Ад грэч. entós — унутры і dérma — скура.]

энтамалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да энтамалогіі, энтамолага. Энтамалагічны часопіс. Энтамалагічная калекцыя. Энтамалагічны з’езд.

энтамало́гія, ‑і, ж.

Аддзел заалогіі, які вывучае насякомых.

[Ад грэч. éntomon — насякомае і logos — вучэнне.]

энтамафа́г, ‑а, м.

Жывёліна, якая харчуецца насякомымі.

[Ад грэч. éntomon — насякомае і phagos — які пажырае.]