ула́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўлана, належыць яму. Уланскі полк. Уланскі мундзір.
уласка́віць, ‑ка́ўлю, ‑ка́віш, ‑ка́віць; зак., каго.
Зрабіць ласкавым, лагодным.
уласкаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да уласкавіць.
ула́сна,
1. пабочн. Па сутнасці, на самай справе. — На седала! — крыкнуў Лявон. Ніхто яго не паслухаў. Лявон, уласна, і не чакаў гэтага. Чарнышэвіч. Уласна, гэта быў не пакой, а двухпакаёвая кватэра на трэцім паверсе. Хадкевіч.
2. часціца абмежавальная. Ва ўласным разуменні гэтага слова. Уласна прозы ў Багдановіча мала. Яна прадстаўлена апавяданнямі, нарысамі, .. а таксама перакладамі. Лойка.
•••
Уласна кажучы гл. кажучы.
уласна...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «уласны», напрыклад: уласнаручна, уласнабеларускі.
уласнару́чны, ‑ая, ‑ае.
Зроблены, напісаны сваёй рукой. Побач з .. уласнаручным подпісам [Кабушкіна] ў дужках стаяла кароценькае слова: «Жан». Новікаў. У самым нізе пісьма была маленькая, уласнаручная прыпіска мацеры. Кулакоўскі.
ула́снасць, ‑і, ж.
1. Тое, чым валодаюць, што знаходзіцца ў поўным распараджэнні каго‑, чаго‑н.; маёмасць, якая належыць каму‑, чаму‑н. Сацыялістычная ўласнасць. Прыватная ўласнасць. □ — Гэта ваш сабака? — .. спытаў палкоўнік. [Гунава:] — Гэта ўласнасць князя. Самуйлёнак. Каб не разбураны вакзал ды яшчэ вінзавод — уласнасць аднаго ўвішнага панка з колішніх лоўкіх аконамаў, дык можна было б падумаць, што наогул на свеце не было ніякай вайны. Васілевіч. Славутая артыстка не можа нічога зрабіць, каб спыніць гандаль здымкамі — яны з’яўляюцца ўласнасцю кампаніі. Новікаў. / у перан. ужыв. Сваё месца .. [дзень] аддаваў у поўную ўласнасць цёмнай ночы, якая неадступна крочыла за ім і ўсе прасторы напаўняла маўклівай цішынёй. Кавалёў.
2. Прыналежнасць каго‑, чаго‑н. каму‑, чаму‑н. з правам поўнага распараджэння. Пасля вайны з гітлераўскімі захопнікамі ў пушчы засталося ўсяго шаснаццаць зуброў. З’яўляліся яны ўласнасцю Польскай рэспублікі. Краўчанка. Збудаваная за панам халупіна на водшыбе .. засталася цяпер Агею ва ўласнасць, ніхто ў яго яе не забіраў. Крапіва.
•••
Кааператыўна-калгасная ўласнасць — адна з форм сацыялістычнай уласнасці: уласнасць асобных калгасаў і кааператыўных аб’яднанняў.
Сацыялістычная ўласнасць — грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, аснова вытворчых адносін сацыялістычнага грамадства.
ула́снік, ‑а, м.
1. Той, хто мае якую‑н. уласнасць; валодае чым‑н. У былых майстэрнях нейкага ўласніка, двух доўгіх .. будынках на ўскраіне.. танкісты аглядалі, рамантавалі машыны. Грамовіч. З кажуха кпілі хатнія, пасмейваўся і сам уласнік, але разлучацца з ім ніяк не хацеў. Лужанін. // Асоба, якой уласціва што‑н. Нават самы густы грэбень не мог даць рады, каб укласці гэты віхрасты чуб так, як хацелася б яго ўласніку. Якімовіч. — А, калі ласка! — сказаў малады хлопец, уласнік тонкага носа. Колас.
2. Чалавек, які прагне цалкам уладаць чым‑н., не дзелячыся з іншымі. Закаранелы ўласнік. □ Трэба змяняць душы, псіхалогію .. [сялян]: уласнік павінен стаць калектывістам. Мележ.
ула́сніцкі, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы ўласніку (у 2 знач.). Уласніцкая псіхалогія. □ Пафас аповесці — у неадольнасці новага, яго перамове над уласніцкай філасофіяй, эгаістычнай мараллю. «Полымя». // Звязаны з прыватнаю ўласнасцю.