уласнасць, ‑і, ж.
1. Тое, чым валодаюць, што знаходзіцца ў поўным распараджэнні каго‑, чаго‑н.; маёмасць, якая належыць каму‑, чаму‑н. Сацыялістычная ўласнасць. Прыватная ўласнасць. ▪ — Гэта ваш сабака? — .. спытаў палкоўнік. [Гунава:] — Гэта ўласнасць князя. Самуйлёнак. Каб не разбураны вакзал ды яшчэ вінзавод — уласнасць аднаго ўвішнага панка з колішніх лоўкіх аконамаў, дык можна было б падумаць, што наогул на свеце не было ніякай вайны. Васілевіч. Славутая артыстка не можа нічога зрабіць, каб спыніць гандаль здымкамі — яны з’яўляюцца ўласнасцю кампаніі. Новікаў. / у перан. ужыв. Сваё месца .. [дзень] аддаваў у поўную ўласнасць цёмнай ночы, якая неадступна крочыла за ім і ўсе прасторы напаўняла маўклівай цішынёй. Кавалёў.
2. Прыналежнасць каго‑, чаго‑н. каму‑, чаму‑н. з правам поўнага распараджэння. Пасля вайны з гітлераўскімі захопнікамі ў пушчы засталося ўсяго шаснаццаць зуброў. З’яўляліся яны ўласнасцю Польскай рэспублікі. Краўчанка. Збудаваная за панам халупіна на водшыбе .. засталася цяпер Агею ва ўласнасць, ніхто ў яго яе не забіраў. Крапіва.
•••
Кааператыўна-калгасная ўласнасць — адна з форм сацыялістычнай уласнасці: уласнасць асобных калгасаў і кааператыўных аб’яднанняў.
Сацыялістычная ўласнасць — грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, аснова вытворчых адносін сацыялістычнага грамадства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)