Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

удасто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да удастоіць.

уда́ў, удава, м.

Вялікая драпежная неядавітая змяя, якая водзіцца пераважна ў тропіках.

удаўжкі́, прысл.

У даўжыню. Жытні палетак цягнуўся на цэлыя вёрсты ўдаўжкі і ўшыр. Гартны.

удаўство́, ‑а, н.

Бясшлюбны стан удаўца, удавы.

уда́цца, удамся, удасіся, удасца; удадзімся, удасцеся, удадуцца; пр. удаўся, удалася, ‑лося; заг. удайся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паспяхова ажыццявіцца, завяршыцца. Спроба ворага з ходу авалодаць пераправай і ўварвацца ў пушчу на гэтым участку — не ўдалася. Брыль. Справа ўдалася, і цяпер .. [Уладзік] ідзе, спакойны і ў добрым гуморы. Крапіва. Узрушаны, задуманы і крыху разгублены, Крывахіж уздыхнуў: палёт у зону ўдаўся. Алешка. // Атрымацца, выйсці вельмі добрым, удалым і пад. Іван Навумавіч не памыліўся: ураджай сапраўды ўдаўся незвычайны. Якімовіч. Аднаго разу ў Лукашыхі не ўдаўся хлеб: чамусьці выйшаў .. з закальцам. Сабаленка. [Сальвэсь:] — Не ўдалося мне жыццё, дык чаму павінны яшчэ бацькі мае пакутаваць? Чорны. // (часцей у пр. часе). Пра людзей, жывыя істоты. З выгляду Пятрок не вельмі прыкметы: ростам не ўдаўся, з твару худы, рыжанькі. Ракітны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымацца якім‑н. (што мае якія‑н. якасці, уласцівасці). Дзень удаўся дажджлівы. Бядуля. Світанак удаўся пагодны, Звініць на лугах касавіца. Зарыцкі. Для поўнай урачыстасць, для спаўнення чаканай радасці ўсіх удзельнікаў паездкі, пагода ўдалася ціхая і ясная. Грамовіч. // (часцей у пр. часе). Разм. Пра людзей, жывыя істоты. [Сымон:] Які я ўжо ўдаўся, такі і буду. Купала. А меншы сын такі гультай удаўся, што хоць ты яго з хаты гані. Якімовіч. Пад лета з Мурвы вырас і ўдаўся добры сабака, падгалісты, злы. Капыловіч.

3. безас. каму і з інф. Аказацца магчымым зрабіць што‑н.; пашчаслівіцца. З вельмі вялікімі намаганнямі .. [радысту] ўдалося прабрацца да ракі. Шамякін. Калі ж не ўдасца паехаць машынай, дык у яго [Лабановіча] — маладыя ногі, да хады прывычныя. Колас. Некуды трэба было зайсці [Паходню], бо дома .. пазбавіцца пачуцця адзіноты не ўдасца. Хадкевіч.

4. (часцей у пр. часе), у каго. Урадзіцца, вырасці падобным на каго‑н. [Іваноў:] Ну і характар у цябе. Нябожчыца маці была мяккай душы чалавек. Ты ў каго ўдаўся? Кучар. Максім удаўся не ў шчуплага бацьку. У хлопца былі шырачэзныя плечы, пудовыя кулакі. Даніленка.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Урэзацца, зайсці далёка ў глыб чаго‑н. Бераг удаўся ў мора. // Запасці. Вочы [Петруся] ўдаліся глыбей у арбіты. Гартны.

6. перан.; у што. Унікнуць, паглыбіцца ў што‑н., аддацца якой‑н. дзейнасці; захапіцца чым‑н. Удацца ў сутнасць справы. □ Вера ўдалася ў пісанне, [Марына Паўлаўна] з прагавітай увагай разглядала яе схілены над паперай твар. Зарэцкі. // Аддацца якому‑н. пачуццю, упасці ў які‑н. стан. Удацца ў тугу. Удацца ў фантазію.

уда́ць, удам, удасі, удасць; удадзім, удасца, удадуць; пр. удаў, удала, ‑ло; заг. удай; зак., каго-што.

Разм. Выдаць, выкрыць каго‑, што‑н., данесці на каго‑н. [Мальвіна:] «Не бойся, Язэпка... родны мой, дарагі мой... Не ўдам цябе... Адна за дваіх адбуду..» Чарнышэвіч.

уда́ча, ‑ы, ж.

Жаданне, шчаслівае завяршэнне якой‑н. справы; поспех. Ірына паехала на паравозе, радуючыся ў душы такой нечаканай удачы. Лынькоў. — Вось гэта, Костусь брат, удача! — І дзядзька рады, чуць не скача. Колас. Лёня і Дзіма моцна паціснулі хлопцам рукі па развітанне, пажадалі ўдачы. Новікаў. // Дасягненне ў працы, творчасці. Адмоўныя персанажы ў аповесці [«Пачатак»] — асаблівая ўдача Пестрака. Хромчанка.

•••

Ну і (такая, вось, вот) удача! — такі ўжо ўдаўся, урадзіўся; няўдаліца.

удачара́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да удачараць.

удачара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да удачарыць.

удачаро́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад удачарыць.