Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

свіну́шнік, ‑а, м.

Тое, што і свінух, свінарнік. Там ужо былі пастаўлены воданапорная вежа, чатыры новенькія аборы з мураванымі ацэментаванымі шуламі пад шыфернымі дахамі, цялятнік, свінушнік і кармакухня. Сабаленка.

свінцава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. свінцаваць.

свінцава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад свінцаваць.

свінцава́цца, ‑цуецца; незак.

Зал. да свінцаваць.

свінцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., што.

Спец. Апрацоўваць свінцом, пакрываць тонкім слоем свінцу.

свінцо́вісты, ‑ая, ‑ае.

Які ўтрымлівае невялікую колькасць свінцу (пра сплавы). Свінцовістая бронза.

свінцо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да свінцу (у 1 знач.); зроблены са свінцу. Свінцовы злітак. Свінцовая куля. // Звязаны з уздзеяннем свінцу. Свінцовая інтаксікацыя. // Які ўтрымлівае свінец або свінцовае злучэнне. Свінцовыя бялілы. Свінцовыя руды. Свінцовая вада. // Звязаны з перапрацоўкай і здабычай свінцу. Свінцовыя распрацоўкі. Свінцовы руднік.

2. Цёмна-шэры, колеру свінцу. Свінцовыя хмары. □ Хмурны дзень, свінцовае неба ўзмацнялі ўражанне кволасці раслін. Мяжэвіч.

3. перан. Цяжкі; пануры, гнятучы. Тышкевіч напружваў памяць. У свінцовай галаве ніводнага пробліску. Асіпенка. Я свінцовыя вейкі свае расчыніў, Свет хіснуўся — такі нетрывалы і дзіўны. Панчанка. [Маці] гнялі цяжкія свінцовыя думкі. Дзе сыны? Дзе яе мілыя, любыя хлопчыкі? Ставер. Маўчанне было свінцовае, і ў гэтым маўчанні прагучаў голас: — Рацыя! Караткевіч.

4. перан. Які мае адносіны да свінцу (у 2 знач.). А зверху, з узгоркаў, не пераставаў сыпацца свінцовы град. М. Ткачоў. Назар Пашкевіч і Барыс Падгорны трымаліся каля Нічыпара Дубініна, які з кулямёта паліваў фашыстаў свінцовым дажджом. Гурскі.

•••

Свінцовы блішчак гл. блішчак.

свінча́к, ‑у, м.

Руда, якая ўтрымлівае свінец з серай у суцэльнай масе.

свінча́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Злітак свінцу, які выкарыстоўваецца ў бітах, або як зброя ў кулачнай бойцы. Ён [Рагуля] адным ударам выбіў пісталет з рукі, а другім захаванай у руцэ свінчаткай моцна выцяў Галембу ў скронь. Асіпенка.

2. Свінцовае грузіла на рыбалоўнай сетцы.

3. Нагайка з уплеценым куском свінцу на канцы.

свінчо́, ‑чаці, ДМ ‑чаці, Т ‑чом, н.

Разм.

1. Падсвінак. [Соль] бераглі толькі для важных патрэб: саліць агуркі, капусту або сала, калі ўдавалася выгадаваць якое свінчо. Якімовіч. З жыўнасці ў двары — адна карова, ні свінчаці, ні кураняці няма. Навуменка.

2. перан. Памянш. да свіння (у 2, 3 знач.). [Маці:] — Малады яшчэ, а свінчо такое... Пташнікаў. Я добра разумею, што я няўдзячнае свінчо, што мне трэба змоўчаць. Васілевіч.