Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прабе́глы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які многа бачыў, вопытны; хітры. — А быў сярод нас удалец такі, Марка Балук з-пад Цернішч. Прабеглы .. салдат старой арміі. Колас.

прабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.

1. Бегучы, перамясціцца з месца на месца. Варта нават асцярожнаму касому бокам прабегчы, як табе ў цемры можа здацца, нібыта зусім побач з табой мядзведзь прайшоў. Ігнаценка. // што і без дап. Пераадолець пэўную адлегласць. [Юнак] лёгка прабег паўтары тысячы метраў, заняўшы першае месца. Шыцік.

2. Хутка праехаць, перасунуцца з месца на месца. З шумам прабегла машына. // Хутка пранесціся (пра вецер, хмары, святло і пад.). // Пранесціся, пракаціцца (пра шум, крыкі і пад.). Па нястройных радах змучаных боем партызан прабег ўстрывожаны шэпт. Асіпенка. // Паказацца і хутка знікнуць. Па Толевым твары прабег цень смутку. Якімовіч.

3. Хутка мінуць (пра час). — А, як скора прабег час! Здаецца, толькі яшчэ была раніца. Гартны. Не заўважыў Грыша, як прабеглі тры гады ў працы ды вучобе. Пальчэўскі.

4. перан.; што. Уявіць у думках. У думках прабегчы сваё жыццё.

5. перан.; што. Разм. Бегла прачытаць што‑н. Люба прабегла вачыма ліст раз, другі, трэці — і нічога не зразумела. Васілевіч.

6. чым. Разм. Правесці па чым‑н. Баяніст Косця Бульбешка нахіліў да баяна галаву, спрытна прабег пальцамі па ладах знізу ўгору. Шамякін.

•••

Мароз па скуры (па спіне) прабег гл. мароз.

(Чорная) кошка прабегла паміж кім гл. кошка.

прабе́гчыся, ‑бягуся, ‑бяжышся, ‑бяжыцца; ‑бяжымся, ‑бежыцеся; зак.

1. Прабегчы нямнога. Дагура ўскочыў, прабегся па палянцы. Асіпенка.

2. Зрабіць прабег пры ўзлёце ці пасадцы (аб самалёце).

3. Хутка пранесціся (пра вецер, святло і пад.). Раптам зашумеў вецер, прабегся верхавінамі кустоў, маланка асвятліла цемень неба. Сапрыка.

4. Тое, што і прабегчы (у 5, 6 знач.). [Хлапчук] артыстычна ўскінуў рукі і прабегся пальцамі па клавішах. Лось.

прабе́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Дзеянне паводле дзеясл. прабягаць — прабегчы (у 1, 2 знач.) і прабегчыся (у 1, 2 знач.).

прабе́л, ‑у, м.

1. Незапоўненае месца ў тэксце, пропуск; прагал паміж літарамі, знакамі, радкамі і пад. у тэксце.

2. Недахоп, недагляд. [Зёлкін:] Нашы меркаванні апраўдаліся Вашай выдатнай працай. Ёсць, праўда, некаторыя прабелы. Крапіва.

прабе́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прабяліць.

прабе́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. прабельваць — прабяліць (у 1 знач.).

прабе́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. прабельваць — прабяліць (у 1 знач.).

прабе́львацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прабяліцца.

2. Зал. да прабельваць.

прабе́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прабяліць (у 1 знач.).