прабегчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.
1. Бегучы, перамясціцца з месца на месца. Варта нават асцярожнаму касому бокам прабегчы, як табе ў цемры можа здацца, нібыта зусім побач з табой мядзведзь прайшоў. Ігнаценка. // што і без дап. Пераадолець пэўную адлегласць. [Юнак] лёгка прабег паўтары тысячы метраў, заняўшы першае месца. Шыцік.
2. Хутка праехаць, перасунуцца з месца на месца. З шумам прабегла машына. // Хутка пранесціся (пра вецер, хмары, святло і пад.). // Пранесціся, пракаціцца (пра шум, крыкі і пад.). Па нястройных радах змучаных боем партызан прабег ўстрывожаны шэпт. Асіпенка. // Паказацца і хутка знікнуць. Па Толевым твары прабег цень смутку. Якімовіч.
3. Хутка мінуць (пра час). — А, як скора прабег час! Здаецца, толькі яшчэ была раніца. Гартны. Не заўважыў Грыша, як прабеглі тры гады ў працы ды вучобе. Пальчэўскі.
4. перан.; што. Уявіць у думках. У думках прабегчы сваё жыццё.
5. перан.; што. Разм. Бегла прачытаць што‑н. Люба прабегла вачыма ліст раз, другі, трэці — і нічога не зразумела. Васілевіч.
6. чым. Разм. Правесці па чым‑н. Баяніст Косця Бульбешка нахіліў да баяна галаву, спрытна прабег пальцамі па ладах знізу ўгору. Шамякін.
•••
Мароз па скуры (па спіне) прабег гл. мароз.
(Чорная) кошка прабегла паміж кім гл. кошка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)