Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ахвярава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

1. каго-што і без дап. Добраахвотна аддаць (аддаваць), прынесці (прыносіць) у дар што‑н. Пані Вашамірская ахвяравала на званіцу старасвецкія пярсцёнкі з дарагімі камянямі. Бядуля. У гэты перыяд М. Федароўскі ахвяруе многім .. музеям сабраныя ім на Беларусі прадметы матэрыяльнай культуры. Саламевіч.

2. кім-чым. Не пашкадаваць (не шкадаваць) каго‑, чаго‑н., адмовіцца (адмаўляцца) ад каго‑, чаго‑н. Грысь адзначыў: — Пчала ахвяруе сваім жыццём, калі трэба... Кулакоўскі. [Артысты] летась ахвяравалі сваім адпачынкам і ездзілі з канцэртамі аж на цаліну. Сергіевіч.

ахвярапрынашэ́нне, ‑я, н.

1. Абрад прынашэння ахвяры.

2. Тое, што прыносіцца ў ахвяру.

ахвя́рнасць, ‑і, ж.

Гатоўнасць ахвяраваць сабой.

ахвя́рнік, ‑а, м.

1. Спецыяльнае месца, спецыяльны стол або ачаг, на якім прыносіліся ахвяры бажаству.

2. Стол з левага боку алтара ў праваслаўнай царкве, прызначаны для спраўляння некаторых абрадаў.

ахвя́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Які прыносіцца ў ахвяру. Ахвярная жывёла. Ахвярная кроў.

2. На які прыносяць ахвяры. Ахвярны агонь. Ахвярны стол.

3. перан. Гераічны, самаадданы. Ахвярны чалавек.

ахвяро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ахвяраваць.

ахі́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ахіліць.

ахіле́саў, ‑ава.

У выразе: ахілесава пята гл. пята.

[Паводле імя міфічнага грэчаскага героя Ахілеса.]

ахілі́ць, ахілю, ахіліш, ахіліць; зак., каго-што.

Тое, што і ахінуць.

ахіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да ахіліць.