аме́жнік, ‑у, м.
Травяністая расліна сямейства парасонавых. [Леў Раманавіч:] — [Зязюльчынаму лёну і асацэ] спадарожнічае ніцая лаза і чарот, амежнік і мудронка, багун і чылібуха. Асіпенка.
амерыка́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да амерыканцаў, Амерыкі. Амерыканская літаратура. Амерыканскі мацярык.
амерыка́нцы, ‑аў; адз. амерыканец, ‑нца, м.; амерыканка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. амерыканкі, ‑нак; ж.
Насельніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі.
амеры́цый, ‑ю, м.
Радыеактыўны хімічны элемент.
аметы́ст, ‑у, М ‑сце, м.
Каштоўны камень фіялетавага альбо фіялетавага з блакітным адценнем колеру. У шкатулцы, у чыстай мокрай анучцы, ляжаў рэдкай прыгажосці цёмна-фіялетавы аметыст. «Маладосць».
[Грэч. amethystos.]
аметы́ставы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да аметысту. Аметыставыя прыіскі. // Які зроблены з аметысту або ўтрымлівае аметыст. Аметыставы пярсцёнак. // Які мае колер аметысту.
аме́ці, ‑яў; адз. няма.
Дробныя кавалачкі саломы, каласоў, мякіны і пад., што абмятаюцца з зерня ў час малацьбы. [Анюта:] — Я пабегла амецяў курам набраць — хай бы перабіралі. Лобан. У варыўні кацёл умураваны, там грэецца вада, і ён, Юзік, вялікімі каўшамі вару аблівае амеці. Баранавых.
аме́цце, ‑я, н.
Тое, што і амеці. — Нямнога ўжо ячменю, капы паўтары засталося, — падбадзёрвае Баранок, выграбаючы амецце. Крапіва.