агрубля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да агрубляць.
агрубля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да агрубіць.
агры́зак, ‑зка, м.
Абгрызены кавалак, недаедзеная частка чаго‑н. Агрызак яблыка. □ На стале і пад сталом валяліся крошкі, агрызкі селядцоў, скарынкі хлеба і коркі ад бутэлек. Колас. // Рэшта якога‑н. прадмета, малапрыдатная для ужывання. Агрызак алоўка. // перан. Зневаж. Пра чалавека і інш., якімі пагарджаюць, якія не заслугоўваюць павагі. [Анікей:] — Мы, рабочыя, прымусім гэты агрызак з царскага стала [Дзяржаўную думу] яшчэ не так заварушыцца. Гартны.
агрыза́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да агрызнуцца.
агрызну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Злосна забурчаць ці забрахаць, пагражаючы ўкусіць таго, хто закрануў (у адносінах да некаторых жывёл). Нават самы добры кот, калі хто нечакана смаргане яго за хвост, агрызнецца. Гарэцкі.
2. перан. Разм. Груба, са злосцю адказаць на чыё‑н. пытанне, заўвагу. — Ды маўчы ты, — агрызнуўся на жонку Лявон. Сабаленка. Не хацелася яму [Саньку] аддаваць сваю вушанку чужому хлапцу. Але ж гэты чорны прыстаў... Смала, а не чалавек... Ды Сідараў, пэўна, не ўмеў і агрызнуцца добра. Чыгрынаў. // Аказаць супраціўленне. Спачатку нехта ўдарыў з вінтоўкі, потым на голас вінтоўкі злосна агрызнуўся і кулямёт. Шашкоў.
агрыкульту́ра, ‑ы, ж.
Уст. Тое, што і агракультура.
агрыкульту́рны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Тое, што і агракультурны.
агрэ́бваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да агрэбці.
агрэ́бены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад агрэбці.
агрэ́бкі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Рэшткі сена пасля стагавання, накладвання воза і пад. — На, яшчэ на рубель пакладзі агрэбкі. Закуска ж з цябе, помні, — ускінуў Чачык некалькі ахапкаў сябру пад ногі. Пташнікаў.