агіба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абагнуць. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала. Колас.
агі́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Вельмі непрыемнае пачуццё, якое выклікаецца кім‑, чым‑н. [Юлька] адразу заўважыла, што.. [Андрыян] вельмі п’яны, і скаланулася ад агіды і страху. Марціновіч.
2. Лаянк. Нягоднік, паскуднік. Зірнуў на Богута Даніла, як на агіду, на брыду. Колас.
агі́длівы, ‑ая, ‑ае.
Які выказвае агіду, поўны агіды да каго‑, чаго‑н. Лясніцкі.. уздрыгнуў ад раптоўнага прыліву гневу і агідлівай пагарды да гэтага чалавека [Гаруна], якому вельмі доўгі час яны [партызаны] без сумнення верылі. Шамякін.
агі́днік, ‑а, м.
Лаянк. Нягоднік, паганец, брыдота. [Ліндэ:] — Даволі глядзець, як звер, на свайго гаспадара... На свайго карміцеля... Чуеш, агіднік? Бядуля.
агі́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае агіду (у 1 знач.). Агідны пах. Агідная лаянка. □ Нечым страшным і пачварным аддало ў першы момант ад.. [нямецкай вінтоўкі], усё роўна як ад агіднай змяі. Кулакоўскі.
2. Вельмі дрэнны, брыдкі, гадкі. Бюракратызм.. — адзін з самых агідных перажыткаў мінуўшчыны. «Полымя».
агіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Ухіляцца ад непасрэднага ўдзелу ў працы; туляцца, гультаяваць. Усе працуюць старанна, ніхто не агінаецца. Чарнышэвіч. — Раз! Два! Узялі! — чуваць голас Марынчука. Хто пяўся з усяе сілы, а хто агінаўся, а каму проста нельга было даступіцца. С. Александровіч. // Ухіляцца ад адказу, гутаркі, кампаніі і пад. Дзверы на работу замкнуты, падтрымкі няма, кожны агінаецца пры сустрэчы, каб і самому не падпасці пад падазрэнне. Лужанін.