агнастыцы́зм, ‑у, м.
Спец. Ідэалістычнае філасофскае вучэнне, якое адмаўляе магчымасць пазнання аб’ектыўнага свету як крыніцы нашых адчуванняў.
[Ад грэч. agnōstos — невядомы.]
агнасты́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае дачыненне да агнастыцызму, агностыка.
агнездава́цца, агняздуюся, агняздуешся, агняздуецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Звіць сабе гняздо дзе‑н. (пра птушак). Высокай, разгалістай стала ігруша. Цыбаты бусел агнездаваўся на ёй. Лынькоў.
2. перан. Пасяліцца (пра людзей). — Хату там купіў [дзед] і пераехаў у Жалезінкі. А потым ужо, як сталі зямлю даваць, у Ходараве агнездаваўся. Масарэнка.
агнёвы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і агнявы. Агнёвае мора пажару. □ Іх [людзей] злучыў спеў гудкоў, Спаяў стук малаткоў. У іх сэрцах агнёвая горнасць. Журба. Там, дзе сонца агнёвымі крыллямі Хоча слёзы балота выпіць, Шэпча хвалямі ціха гуллівымі Чараўніца — Прыгожая Прыпяць. Чарот. [Раіса] захаплялася.. [Лясніцкім], усміхалася яму такой чароўнай даверлівай усмешкай, ад якой гарэла агнёвай радасцю сэрца. Зарэцкі.
агнёўка, ‑і, ДМ ‑нёўцы; Р мн. ‑нёвак; ж.
Невялікі матыль — шкоднік раслін. З доследаў Краснаярскага інстытута лесу і драўніны.. было вядома, што ў Сібіры такія прышчэпы псуе шышкавая агнёўка, ад якой там ратуюцца або пастаю ДДТ, або апырскваннем. Дубоўка.
агні́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які свеціцца, як агонь. Агністая чырвань на ўсходзе Адсвечвае, грае пажарам. Колас. Лес зашумеў мацней, захістаўся. Збоку бліснула яркая агністая паласа. Якімовіч. // Падобны колерам да агню; які адлівае фарбамі агню. З табою, клён, я разважаю. З тваёй агністай галавой. Броўка. // Пякучы, гарачы, як агонь. Усё дзіка, пустынна імшыцца, Агністая спёка стаіць. Багдановіч.
2. Палымяны, бліскучы, які ззяе ад узрушэння і пачуцця (пра вочы, позірк). Цёмны сад-вінаград, Цвет бяленькі вішнёвы, — І агністы пагляд, І гарачыя словы. Багдановіч. // перан. Палымяны, страсны. Любіў жыццё, свабоду я Душой сваёй агністай... Броўка. // Натхняльны, страсны. Сотні тысяч галодных Узнімаюць, як сцяг, Два агністыя словы: — Мір і хлеб! Глебка.
агні́ца, ‑ы, ж.
Невялікая пасудзіна з кнотам, якая напаўняецца драўняным маслам і запальваецца перад абразамі; лампада. Па харомах вяльмож і царкоўных званіцах Анямеў п’яны спеў і патухлі агніцы. Бядуля.
агні́шча, ‑а, н.
1. Гіст. Прыстасаванне, дзе ў старажытнасць распальвалі і зберагалі агонь.
2. Месца лакалізацыі чаго‑н., крыніца, з якой што‑н. пашыраецца.
агнішча́нін, ‑а, м.
Гіст. Малодшы княжацкі дружыннік, які кіраваў гаспадаркай, дваром і слугамі ў князя (да 11 ст.), потым старшы дружыннік, бліжэйшы дарадчык князя.
агно́стык, ‑а, м.
Паслядоўнік агнастыцызму.