Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ага́ 1, часціца.

1. сцвярджальная. Ужываецца, каб выказаць згоду, сцвярджэнне. — У сяло ідзеш? — пацікавілася Алеся. — Ага, да Івана Базылёвага, — адказаў Кастусь. С. Александровіч.

2. Ужываецца ў апавядальнай мове пры ўспамінанні чаго‑н., пры перамене тэмы гутаркі і пад. Галя выкаціла веласіпед на дарогу і спынілася. Што яна забылася зрабіць у Сялібе? Ага, разглядаючы кніжную вітрыну на пошце, яна думала, што зараз жа трэба ісці ў бібліятэку, запісацца і ўзяць што-небудзь для чытання. Ермаловіч. [Арцём:] — Вычыталі [у газетах] і пачалі мазгаваць: ага, наконт птушак пытанне адпадае — вадаёмаў няма. А трусы — тут, браткі, варта падумаць. Ракітны.

3. Ужываецца для выказу ўшчування, папроку. [Аўгінька] пачала спаганяць злосць на небараку Віктару. — Ага, паехаў? Што, спазніўся? Ага? Зарэцкі.

ага́ 2, выкл.

1. Выказвае здагадку, радаснае здзіўленне і пад. [Ляснічы:] — Ага, ты тут! Ну, чалавеча, Збірай манаткі і ў Парэчча За добры час перабірайся! Колас. [Туляга:] Ага, разумею... Толькі я хацеў запытацца ў вас, ці не будзе гэта... подласцю? Крапіва.

2. Выражае насмешку, злараднасць, пагрозу і пад. — А дзе ты служыш, чалавеча? — Служу, паночку, я ў Парэччы. — Ага!.. Чаму гэта, ягомасць, Вядзеш вялікую знаёмасць? Чужых цялят бярэш на пашу? Колас. [Анатоль:] — А мой тата мінёр, ён фашыстам усе цягнікі паўзрывае. Ага! Брыль. І важна гаварыў [Міколка] потым да бацькі: — Ага! Не можаш мяне ўзяць... Забуксаваў!.. Лынькоў.

агаблёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да агабляваць.

агаблява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

Пагабляваць з усіх бакоў, зрабіць роўным, гладкім. Агабляваць дошку.

ага́ва, ‑ы, ж.

Шматгадовая травяністая трапічная расліна сямейства агававых з шорсткім буйным лісцем, якое выкарыстоўваецца для атрымання валакна.

агавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑верыцца; зак.

1. Загадзя растлумачыць, папярэдзіць; зрабіць агаворку. Варта адразу агаварыцца, што не заўсёды воля ва ўяўленнях героя паўстае хісткай зданню, «краінай-марай», няяснай і няўстойлівай. Навуменка.

2. Памылкова сказаць не тое, што трэба. Бывае, што ў гарачцы агаворышся, сам не агледзішся як. Няхай.

агавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак., што.

Спецыяльна адзначыць, зрабіць агаворку.

агаво́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад агаварыць.

агаво́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. агаворваць.

агаво́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да агаварыцца (у 2 знач.).

2. Зал. да агаворваць.

агаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да агаварыць.