Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прызе́мленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прыземленага (у 2 знач.).

прызе́млены, ‑ая, ‑ая.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прызямліць.

2. у знач. прым. Пазбаўлены ўзвышанага, незвычайнага; прыніжаны. Хоць і многа яшчэ ў творы прыземленага бытавізму, але і бытавізм гэты своеасаблівы. Адамовіч. Талент жа маладога паэта быў даволі значны, каб ён не адчуў усёй шкоды прывязанасці да прыземленага быту. Каваленка.

прызе́мны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які непасрэдна прылягае да зямной паверхні. Прыземны слой паветра.

прызёр, ‑а, м.

Удзельнік спаборніцтва, які атрымаў прыз ​1. Прызёр Спартакіяды народаў СССР.

прызёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да прызёр.

пры́зма, ‑ы, ж.

Спец.

1. Шматграннік з дзвюма роўнымі паралельнымі асновамі (шматвугольнікамі) і бакавымі гранямі-паралелаграмамі.

2. Прадмет такой жа формы, звычайна трохграннік, з празрыстага рэчыва, які служыць для раскладання святла ў спектр, для змены напрамку светлавых праменяў і для іншых мэт; прымяняецца ў аптычных прыборах.

•••

Праз прызму чаго — з пазіцый чаго‑н. (глядзець, назіраць і пад.). Народны пясняр бачанае і чутае ў дзяцінстве па-мастацку асэнсаваў, прапусціў праз прызму паэтычнага абагульнення. С. Александровіч.

[Грэч. prisma.]

прызматы́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які мае адносіны да прызмы, мае форму прызмы. Прызматычная форма. Прызматычнае шкло.

2. Утвораны прызмай (у 2 знач.). Прызматычны спектр.

3. Забяспечаны прызмай. Прызматычны бінокль. Прызматычная камера.

прызнава́цца, ‑знайся, ‑знаешся, ‑знаецца; ‑знаемся, ‑знаяцеся; незак.

1. Незак. да прызнацца.

2. Зал. да прызнаваць.

прызнава́ць, ‑знаю, ‑знаеш, ‑знае; ‑знаем, ‑знаяце; незак., каго-што.

1. Незак. да прызнаць.

2. Праяўляць станоўчыя адносіны, адносіцца з павагай да каго‑, чаго‑н., лічыць каго‑, што‑н. аўтарытэтным, важным. Зусім другая справа паляванне, яго толькі і прызнаваў Адам. Шынклер. Высокі ростам, хударлявы з твару, сівы як лунь, ён быў здаровы і моцны, нібыта дуб. Фэлька не прызнаваў ні дактароў, ні шаптуноў. С. Александровіч.

прызна́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прызнаваць — прызнаць (у 3, 4 і 5 знач.) і прызнавацца — прызнацца (у 1 знач.).

2. Расказ, словы, у якіх хто‑н. прызнаецца ў чым‑н. Маёр Ладуцька слухаў прызнанні Філістовіча і не перапыняў яго нават тады, калі той паўтараў ужо вядомае. Паслядовіч. [Следчыя] чакалі ад Саўкі пачуць пра самае важнае для іх і такім прызнаннем не задаволіліся. Колас. Хлапец з дзяўчынаю сваёй Тут месца выбралі спатканняў І чула яблынька вясной Іх пацалункі і прызнанні. Танк.

3. Станоўчая ацэнка, адабрэнне. Атрымаць прызнанне ў чытача. □ [Гаворка:] Дзякую за такое высокае прызнанне майго таленту. Шамякін.