прызнанне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прызнаваць — прызнаць (у 3, 4 і 5 знач.) і прызнавацца — прызнацца (у 1 знач.).
2. Расказ, словы, у якіх хто‑н. прызнаецца ў чым‑н. Маёр Ладуцька слухаў прызнанні Філістовіча і не перапыняў яго нават тады, калі той паўтараў ужо вядомае. Паслядовіч. [Следчыя] чакалі ад Саўкі пачуць пра самае важнае для іх і такім прызнаннем не задаволіліся. Колас. Хлапец з дзяўчынаю сваёй Тут месца выбралі спатканняў І чула яблынька вясной Іх пацалункі і прызнанні. Танк.
3. Станоўчая ацэнка, адабрэнне. Атрымаць прызнанне ў чытача. ▪ [Гаворка:] Дзякую за такое высокае прызнанне майго таленту. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)