Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прэ́снасць, ‑і, ж.

Якасць прэснага. Прэснасць вады.

прэ́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае дастатковай колькасці солі або зусім пазбаўлены яе; не салёны. Прэсная вада. // Які змяшчае ў сабе такую ваду. Прэсныя азёры. □ Рачныя вугры большую частку жыцця праводзяць у прэсных вадаёмах і толькі для нерасту ідуць аж недзе ў акіян, пасля гэтага яны гінуць. Гурскі.

2. Прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку. Юшка не ўдалася. Зварылі яе шмат, і таму не хапіла ні солі, ні спецый. Рыба, як трава, прэсная, не лезла ў горла. Асіпенка.

3. Прыгатаваны без закваскі, не квашаны. Прэсны хлеб. Прэсны корж.

4. перан. Пазбаўлены вастрыні, займальнасці, жывасці; сумны. Прэсныя жарты. □ — Не! Трэба нарэшце вырвацца з-пад улады гэтай прэснай ідыліі! Трэба ўзняцца над ёю самому і ўзняць, вырваць адгэтуль Люду! Брыль. Вядома, ён гаворыць і робіць усё правільна, але сам Туміловіч — чалавек сумны і прэсны.

прэ́ста,

1. прысл. Вельмі хутка (пра тэмп выканання музычнага твора).

2. нескл., н. Музычны твор або ўрывак музычнага твора, які выконваецца ў такім тэмпе.

[Іт. presto.]

прэсты́ж, ‑у, м.

Кніжн. Аўтарытэт, перавага, якім карыстаецца хто‑, што‑н. Падняць прэстыж. Прэстыж сацыялістычнага лагера. □ — Мне здаецца, таварыш Рыбакоў, — афіцыяльным тонам, каб падтрымаць свой прэстыж, сказаў маёр, — вам трэба давесці гэтую справу да канца. Асіпенка. Няхай у крытыцы Паходні ёсць і доля праўды, але ж трэба думаць аб прэстыжы эмтээс і ўсяго раёна. Хадкевіч.

[Фр. prestige.]

прэсты́сіма, прысл.

Вельмі хутка (пра тэмп выканання музычнага твора).

[Іт. prestissimo.]

прэсшпа́н, ‑у, м.

Спец. Шчыльна спрасаваны, глянцаваны кардон.

[Ням. Preßspan.]

прэсшпа́навы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да прэсшпану, зроблены з прэсшпану. Прэсшпанавая пракладка.

прэс-аташэ́, нескл., м.

Супрацоўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва (пасольства, місіі і пад.) па пытаннях друку.

прэс-бюро́, нескл., н.

1. Рэдакцыйны апарат для абслугоўвання друку, створаны на перыяд работы з’ездаў, канферэнцыі, нарад.

2. Пастаянны аддзел пры агенцтвах друку, тэлеграфна-інфармацыйных агенцтвах і іншых арганізацыях, які забяспечвае прэсу артыкуламі, інфармацыяй, ілюстрацыйным і іншым матэрыялам. Прэс-бюро БелТА.

[Англ. press-bureau.]

прэс-канферэ́нцыя, ‑і, ж.

Сустрэча дзяржаўнага, палітычнага, грамадскага або навуковага дзеяча (дзеячаў) з прадстаўнікамі прэсы для высвятлення пытанняў шырокага грамадскага значэння. Прэс-канферэнцыя для савецкіх і замежных журналістаў.

[Англ. press-conference.]