прэсны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае дастатковай колькасці солі або зусім пазбаўлены яе; не салёны. Прэсная вада. // Які змяшчае ў сабе такую ваду. Прэсныя азёры. ▪ Рачныя вугры большую частку жыцця праводзяць у прэсных вадаёмах і толькі для нерасту ідуць аж недзе ў акіян, пасля гэтага яны гінуць. Гурскі.

2. Прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку. Юшка не ўдалася. Зварылі яе шмат, і таму не хапіла ні солі, ні спецый. Рыба, як трава, прэсная, не лезла ў горла. Асіпенка.

3. Прыгатаваны без закваскі, не квашаны. Прэсны хлеб. Прэсны корж.

4. перан. Пазбаўлены вастрыні, займальнасці, жывасці; сумны. Прэсныя жарты. ▪ — Не! Трэба нарэшце вырвацца з-пад улады гэтай прэснай ідыліі! Трэба ўзняцца над ёю самому і ўзняць, вырваць адгэтуль Люду! Брыль. Вядома, ён гаворыць і робіць усё правільна, але сам Туміловіч — чалавек сумны і прэсны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)