прые́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прыносіць задавальненне, радасць. Прыемная навіна. Прыемны ўспамін. Прыемны пах. □ У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Лынькоў. Раптам пакой напаўняе ціхі-ціхі, але такі прыемны, кранаючы спеў калыханкі. Шамякін. Прыемная зморанасць разлівалася па жылах смачным дрымотным пітвом. Бядуля. / у знач. наз. прые́мнае, ‑ага, н. Чалавеку заўсёды хочацца думаць аб прыемным, хай нават прыемнага адна кропля. Каршукоў.
2. Які выклікае сімпатыю, прыхільнасць; прывабны. У .. [старшыні] прыемны адкрыты твар, шчыры пагляд, лагодны голас. Ваданосаў. Гэты круцель і камбінатар быў на першы погляд чалавек прыемны. Чарнышэвіч.
прые́сціся, прыесца; прыядуцца; зак.
Разм. Надакучыць ад частага ўжывання, аднастайнасці (пра ежу). Праўда, потым яда трохі прыелася, што ўсё адно і адно з дня ў дзень. Гарэцкі. — Доктар казаў, каб без снедання не пускалі. — Не хачу. Прыеўся мне ваш кісель ды чай. Чарнышэвіч. // перан. Страціць цікавасць, прываблівасць для каго‑н. Горад мне ўжо так прыеўся, што я нават пазнаваў у твар многіх гараджан. Карпюк. — Там жа [у канцэрце] няма ні рэдактарскай, ні рэжысёрскай выдумкі. Штамп. Самы прымітыўны, які ўжо даўно прыеўся і нам і тэлегледачам. Гаўрылкін. З лініямі не спяшаўся — лічыў нескладанай работай, якая ў момант прыесца. Барадулін.
прые́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.
Перамяшчаючыся на чым‑н., апынуцца ў якім‑н. месцы, прыбыць куды‑н. Загорская сямігодка была распушчана на два тыдні зімовых вакацый. Прыехала Аленка дадому. Колас. Развітацца з дзедам прыехаў камандзір атрада. Лынькоў.
прыём, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прымаць — прыняць (у 3, 4, 5, 6, 7, 10 і 15 знач.).
2. Той або іншы характар сустрэчы, які аказваецца каму‑, чаму‑н. Трудна мне выказаць словамі .. сардэчную падзяку за .. браткі прыём. Купала. Міхал Барысавіч узлаваўся за негасцінны прыём. Кавалёў.
3. Збор, сход запрошаных асоб (звычайна афіцыйных у гонар каго‑, чаго‑н.). Урачысты прыём. Афіцыйны прыём. □ Пасля ўрачыстага пасяджэння адбыўся ўрадавы прыём. Дуброўскі.
4. У спалучэнні з лічэбнікам «адзін» указвае на аднаразовасць якога‑н. дзеяння; у спалучэнні з іншымі колькаснымі лічэбнікамі і няпэўна-колькаснымі займеннікамі ўказвае, што дзеянне праходзіць у столькі этапаў, разоў, колькі ўказана ў лічэбніку; раз. Напісаць артыкул у два прыёмы. □ Пачакаўшы колькі дзён, можна ўбіраць хлеб у адзін прыём. Беразняк. Адбываецца нераст у некалькі прыёмаў з прамежкамі паміж імі ў 7–10 дзён. Матрунёнак.
5. Спосаб дасягнення, ажыццяўлення, выканання чаго‑н. Мастацкія прыёмы. Графічны прыём рашэння задач. □ У трэнера Левандоўскага быў свой прыём. Зялёнаму навічку ён надзяваў рукавіцы і выпускаў на рынг з баксёрам-першаразраднікам. Карпюк. «Ну, сябры, не вельмі я напалохаўся вашых фатаграфій! — падумаў Асташонак. — Стары прыём вярбоўкі, прыдумалі б хоць што навейшае...» Ваданосаў.
6. Спосаб, манера паводзіць, трымаць сябе. Назіраючы, як трапна казыраюць маладыя партызанскія камандзіры,.. як прыгожа паварочваюцца яны, гучна шчоўкнуўшы пры гэтым абцасамі ботаў, Майка наважылася пераняць усе гэтыя прыёмы. Лынькоў.
прыёмачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыёмкі. Прыёмачны акт. Прыёмачная квітанцыя. // Прызначаны для прыёмкі. Прыёмачны пункт.
прыёмка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. прымаць — прыняць (у 2 знач.).
прыёмнік, ‑а, м.
1. Апарат для прыёму сігналаў, мовы, музыкі, адбіткаў, які выкарыстоўваецца ў электрасувязі, радыётэхніцы, тэлемеханіцы. Прыёмнік электрамагнітных хваль. Шумавы прыёмнік. // Апарат для прыёму радыёвяшчальных перадач; радыёпрыёмнік. Транзістарны прыёмнік. □ Ледзь чутна гучэла прыгожая музыка — працаваў прыёмнік. Шамякін. [Надзя:] — У яе няма ніякага радыё. Дык Міколка аддае свой старэнькі прыёмнік. Хомчанка.
2. Прыстасаванне для прыёму, збірання чаго‑н. Прыёмнік для сцёкавых вод. □ Праз нейкі час пачалі балець плечы, лёгкая драўляная лапата рабілася ўсё цяжэйшай і цяжэйшай, а ў прыёмнік транспарцёра ішоў ужо не такі густы струмень. Дамашэвіч.
3. Установа, якая часова прымае каго‑н. для далейшага размеркавання. Дзіцячы прыёмнік. Вайсковы прыёмнік. □ — Ізаляваць хіба яго [Андрэя Андрэевіча], адаслаць на прыёмнік, няхай на Салаўкі зноў... Лынькоў.
•••
Дэтэктарны прыёмнік — самы просты радыёпрыёмнік, звычайна з крышталічным дэтэктарам.
прыёмны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць, прызначаецца для прыёму каго‑, чаго‑н. Прыёмная антэна. Прыёмная радыёстанцыя. // Створаны, арганізаваны для прыёму каго‑, чаго‑н. «Хіба ў нас такая ферма ёсць? У актах прыёмнай камісіі і ўпамінку няма». Ракітны. У інстытуце ішлі прыёмныя экзамены. Карпаў. // Назначаны для прыёму, наведвання (пра час). Прыёмныя гадзіны. □ У нядзелю .. [Нічыпара] пацягнула ў бальніцу да Агнёва. Быў прыёмны дзень. Асіпенка.
2. Які ўсынавіў каго‑н. або ўсыноўлены кім‑н. [Гіго] вучыўся мове сваіх прыёмных бацькоў. Самуйлёнак. З той пары дзяўчынка пачала жыць як прыёмная дачка ў сям’і вартаўніка могілак. Галавач.
3. у знач. наз. прыёмная, ‑ай, ж. Пакой, у якім прымаюць наведвальнікаў або дзе яны чакаюць прыёму. У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калі ідзе бюро. Шамякін. У прыёмнай рэдактара было бязлюдна. Хадкевіч. Без шапкі, загарэлы, .. [Коля] і цяпер быў такі, як тады, калі нёс .. [Рыну] на руках у прыёмную клінікі. Грамовіч.
•••
Прыёмны пакой гл. пакой.
прыёмшчык, ‑а, м.
Работнік, які займаецца прыёмкай чаго‑н. На элеватары прыкмецілі шафёра, што першым станавіўся пад разгрузку. З ім віталіся кладаўшчыкі, прыёмшчыкі. Мяжэвіч.