прыёмны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць, прызначаецца для прыёму каго‑, чаго‑н. Прыёмная антэна. Прыёмная радыёстанцыя. // Створаны, арганізаваны для прыёму каго‑, чаго‑н. «Хіба ў нас такая ферма ёсць? У актах прыёмнай камісіі і ўпамінку няма». Ракітны. У інстытуце ішлі прыёмныя экзамены. Карпаў. // Назначаны для прыёму, наведвання (пра час). Прыёмныя гадзіны. ▪ У нядзелю .. [Нічыпара] пацягнула ў бальніцу да Агнёва. Быў прыёмны дзень. Асіпенка.
2. Які ўсынавіў каго‑н. або ўсыноўлены кім‑н. [Гіго] вучыўся мове сваіх прыёмных бацькоў. Самуйлёнак. З той пары дзяўчынка пачала жыць як прыёмная дачка ў сям’і вартаўніка могілак. Галавач.
3. у знач. наз. прыёмная, ‑ай, ж. Пакой, у якім прымаюць наведвальнікаў або дзе яны чакаюць прыёму. У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калі ідзе бюро. Шамякін. У прыёмнай рэдактара было бязлюдна. Хадкевіч. Без шапкі, загарэлы, .. [Коля] і цяпер быў такі, як тады, калі нёс .. [Рыну] на руках у прыёмную клінікі. Грамовіч.
•••
Прыёмны пакой гл. пакой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)