Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прагра́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да праграмы. Праграмнае кіраванне. // Які адлюстроўвае праграму. У прадмовах да сваіх кніжак і ў праграмных вершах Багушэвіч абгрунтаваў гістарычнай права беларускага народа на сваё нацыянальнае мастацтва. Конан.

праграфі́ць, ‑флю, ‑фіш, ‑фіць; зак., што.

Правесці графы на чым‑н.

праграфлёны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад праграфіць.

прагруката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.

Разм.

1. Зрабіць моцны шум, грукат. Зазвіняць галасістым гармонікам, прагрукочуць бубнамі ды стукам капытоў шумлівыя вясковыя вяселлі. Ваданосаў. // Праехаць, прайсці з моцным шумам і грукатам. Састаў з двума паравозамі прагрукатаў па мосце за Дняпро. Грахоўскі. // Пачуцца (пра моцныя раскацістыя гукі). Мацней прагрукатаў гром, наляцеў вецер, стала змрочна. Лупсякоў.

2. Грукатаць некаторы час.

прагрукаце́ць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; зак.

Разм. Тое, што і прагрукатаць. І выплыў сам жалобны спеў Над жудасцю пакут. І тры разы прагрукацеў Па мёртваму салют. Броўка. Прагрукацеў міма маняўровы паравоз, цягнучы за сабою цыстэрны. Васілёнак. Вазок прагрукацеў праз усю вуліцу, спыніўся ля крайняй хаты. Гаўрылкін.

прагру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Тое, што і прагрукатаць. Машыны імчаць па шляху, а праз пераезд, зварочваючы на прасёлкавую дарогу, толькі зрэдку прагрукае якая-небудзь фурманка. Навуменка. Зноў ударыў гром, прагрукаў над усім Зашыйкам з канца ў канец. Пташнікаў.

прагрыза́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прагрызціся.

2. Зал. да прагрызаць.

прагрыза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прагрызці (у 1 знач.).

прагры́зці, ‑грызу, ‑грызеш, ‑грызе; пр. прагрыз, ‑ла; заг. прагрызі; зак., што.

1. Грызучы, зрабіць дзірку. Мядзведзіца прагрызла ўначы драўляную падлогу, зрабіла падкоп і ўцякла ў пушчу. В. Вольскі.

2. і без дап. Грызці некаторы час.

прагры́зціся, ‑грызецца; пр. прагрызся, ‑грызлася; зак.

Зрабіўшы дзірку, пранікнуць куды‑н.