экзадэ́рма, ‑ы, ж.
Слой клетак, які звычайна знаходзіцца непасрэдна пад эпідэрмісам у карэннях раслін.
[Грэч. éxō і dermá — скура.]
экзальтава́насць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць і стан экзальтаванага. — У бацькі больш пастарэла[й] устрыманасці, а ў дачкі — экзальтаванасці. Мурашка.
экзальтава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў стане павышанай узрушанасці, узбуджанасці, схільны да экзальтацыі. // Які выражае экзальтацыю. Экзальтаваны погляд. Экзальтаваны твар. // Выкліканы, прасякнуты экзальтацыяй. Вершы [А. Лойкі] рамантычна экзальтаваныя, але ў іх ёсць і сапраўдная ўсхваляванасць. «Маладосць».
экзальта́цыя, ‑і, ж.
Стан павышанай узбуджанасці. — Вамі грае экзальтацыя маладосці, — па-бацькоўску маралізаваў Шульц. Гартны.
[Лац. exaltatio.]
экза́мен, ‑у, м.
Праверка ведаў па якім‑н. вучэбным прадмеце. Праграма выпускных экзаменаў. Уступныя экзамены. □ Ад імя камісіі Іван Паўловіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч. А далей, разблытваючы прычыны сваёй няўдачы з паступленнем ва універсітэт, Клава думала цяпер і пра тыя балы, яна недабрала на экзаменах. Кавалёў. // перан. Якое‑н. выпрабаванне, праверка. А маці цэлы экзамен учынілі, загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. Але на славу ўдаўся зруб, Ён на выдатна здаў экзамен. Танк. Непарушнае брацтва ўсіх савецкіх людзей.. вытрымала суровы экзамен у гады вайны, загартавалася і ўзмацнела ў агні свяшчэннай барацьбы. «Звязда».
•••
Дзяржаўныя экзамены — выпускныя экзамены ў вышэйшых навучальных установах.
[Лац. examen.]
экзаменава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад экзаменаваць.
экзаменава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; незак.
1. Здаваць экзамен. Экзаменуецца вучань трэцяе групы Іван Ванька. Ён з указкаю стаіць каля карты. Колас.
2. Зал. да экзаменаваць.
экзаменава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., каго-што.
Правяраць веды па якім‑н. вучэбным прадмеце. [Ірына] спрабуе пажартаваць: — Вы мяне быццам экзаменуеце. А я ўсе экзамены здала, Платон Назаравіч. Шамякін. Прафесар, які гатоў быў ісці, безнадзейна махае рукой і зноў садзіцца ў сваё крэсла. Такіх музыкантаў яму яшчэ не даводзілася экзаменаваць. Вітка. // Разм. Падрабязна распытваць, дапытвацца пра што‑н. Кожную нядзелю Гена экзаменуе мяне. Пры цётцы Куліне ён наўмысля мяне хваліць, кажа, што ў школе я быў бы ўдарнікам вучобы. Жычка. Слухаю, — а той [Вейс] Зінчанку строга так экзаменуе. Шынклер. // Правяраць на трываласць, надзейнасць. Тэхніку экзаменуе ўраджай. «Звязда».
экзамена́тар, ‑а, м.
Той, хто прымае экзамен, ацэньвае веды тых, хто яго здае. Асабліва радавала яго [Лабановіча] тая акалічнасць, што экзаменатарам назначаўся не інспектар народных вучылішч, сухі і бяздушны чынуша, а выкладчык, які ў свой час быў таксама настаўнікам пачатковай школы. Колас. Вазьміце білецік, — ледзь кіўнуў галавой строгі, з рудой бародкай экзаменатар. Аношкін.
экзамена́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да экзаменатара. Экзаменатарскі подпіс. Экзаменатарскі стол.