экзамен, ‑у, м.
Праверка ведаў па якім‑н. вучэбным прадмеце. Праграма выпускных экзаменаў. Уступныя экзамены. ▪ Ад імя камісіі Іван Паўловіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч. А далей, разблытваючы прычыны сваёй няўдачы з паступленнем ва універсітэт, Клава думала цяпер і пра тыя балы, яна недабрала на экзаменах. Кавалёў. // перан. Якое‑н. выпрабаванне, праверка. А маці цэлы экзамен учынілі, загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. Але на славу ўдаўся зруб, Ён на выдатна здаў экзамен. Танк. Непарушнае брацтва ўсіх савецкіх людзей.. вытрымала суровы экзамен у гады вайны, загартавалася і ўзмацнела ў агні свяшчэннай барацьбы. «Звязда».
•••
Дзяржаўныя экзамены — выпускныя экзамены ў вышэйшых навучальных установах.
[Лац. examen.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)