Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шыко́ўны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і шыкарны. Засталася ў.. [Матруны] шыкоўная новая хата, багаты сад,.. сядзіба аж на пяцьдзесят сотак. Марціновіч. Бліскучы і шыкоўны хлопец гэты. Ды што з таго? — Лайдак адпеты. Корбан. А тут такая шыкоўная студня на адну сям’ю! Ус.

шы́ла, ‑а, н.

Інструмент у выглядзе завостранага металічнага стрыжня з дзяржальнам для праколвання дзірак, які ўжываецца ў шавецкай і рымарскай справе. Бацьку абрыдлі дратва, шыла і малаток, яго рукі засумавалі па плузе і касе, а сэрца рвалася на лясное прыволле. С. Александровіч. Усе майстры з усяго царства з’явіліся ў сталіцу — .. сталяры з піламі, шаўцы з шыламі... Якімовіч.

•••

Хапіць шылам кашы (патакі) гл. хапіць.

шылава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які мае востры, завостраны канец, верх. — Го! Падмога прыйшла! — схаваў у шылаватых вусах усмешку дзядзька Тодар. — Гэта добра, што вы самі, без брыгадзіравага нараду, з’явіліся. Даніленка. І вось ужо вёска. Шылаватыя чарапічныя дахі; вішні белыя і яблыні ў пеністай ружовай квецені. Ракітны.

шыладзю́б, ‑а, м.

Птушка сямейства ржанкавых з доўгай, тонкай, закручанай угору дзюбай.

шылападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які сваім знешнім выглядам, формай нагадвае шыла. Шылападобная дзюба.

шылахво́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Дзікая качка з доўгім шылападобным хвастом.

шы́лінг, ‑а, м.

1. Англійская манета, роўная 1/20 фунта стэрлінгаў; грашовая адзінка адпаведнай вартасці.

2. Грашовая адзінка Аўстрыі, роўная 100 аўстрыйскім грошам.

[Англ. shilling.]

шы́льда, ‑ы, М ‑дзе, ж.

Дошка з надпісам назвы ўстановы, прадпрыемства і пад.; вывеска. Ходзячы каля прыстанцыйных будынкаў, заўважыў [Анатоль] на адным з іх шыльду «Пошта», зайшоў туды. Пальчэўскі. Новая кватэра, куды пераехалі Віталік і Раман; знаходзілася ў доме з шыльдай «Дзіцячы свет». Даніленка. // перан. Знешні, паказны бок каго‑, чаго‑н. Адлучыўшы ад Марыны хараство, гэту дзявочую шыльду, ад яе засталося б мала. Колас. Лозунг беспартыйнасці быў для.. [буржуазіі] толькі шыльдай, якой яна крывадушна прыкрывала сваю контррэвалюцыйную сутнасць. Івашын.

шы́льдавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шыльды. Шыльдавы надпіс.

шы́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шыла. Шыльнае дзяржальна.