Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тынкава́цца, ‑куецца; незак.

Зал. да тынкаваць.

тынкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што і без дап.

Пакрываць сцены або столь тынкам, каб зрабіць паверхню гладкая. Разам з бацькам .. [Журба] хадзіў на заробкі: мураваў печы, тынкаваў хаты. Няхай. Развітаецца [Валя] з сяброўкамі, з якімі вельмі здружылася за колькі дзён, і бягом па аўтобус. У Новалукомль. Зноў у сваю брыгаду. Будзе тынкаваць. Мыслівец.

тынко́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тынкаваць.

2. Слой тынку на паверхні будынкаў, на столі і сценах унутраных памяшканняў. Тынкоўка паадвальвалася цэлымі лапінамі, падлога выгніла, маснічыны між падвалін пазападалі, і з правалін несла сырою парахнёю. Скрыган. Пакуль хлопцы збіралі па насілкі абабітую тынкоўку, .. [Зіновій Цімафеевіч] пераходзіў у другі пакой, і зноў чуўся яго бурклівы голас: — Дрэнь... Сыплецца, як парахня... Нядзведскі.

тынко́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па тынкоўцы.

тынко́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да тынкоўшчык.

тынкту́ра, ‑ы, ж.

Настой лекавага рэчыва на спірце або эфіры. Тынктура валяр’яну.

[Лац. tinctura.]

тыно́к, ‑нка, м.

Памянш. да тын; невялікі тын. Наўкол прыгожай агародкай зялёны двор абняў тынок. Машара. — Ты бяжы, мой конь, ды на Сож бяжы, Стукні капытом у стары тынок. Бялевіч.

тыня́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Павець, сцены якой зроблены з галінак, пераплеценых вакол вертыкальных або гарызантальных жэрдак.

тып, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Узор, мадэль, форма з істотнымі якаснымі прыкметамі, якім адпавядае пэўная група прадметаў, з’яў. Тыпы пасажырскіх самалётаў. □ Будынак, перад якім спыніліся калгаснікі з Пракопам, быў камбінаваным будынкам новага тыпу, зробленым па праекту Лапко. Колас.

2. ‑у. Спец. Вышэйшая катэгорыя ў сістэматызацыі раслін і жывёл, якая аб’ядноўвае роднасныя класы. Тып членістаногіх жывёл. Тып кветкавых раслін.

3. ‑у. Характэрны фізічны склад, знешні выгляд чалавека, звязаны з яго этнічнай прыналежнасцю. У жанчыны твар мангольскага тыпу. □ Але нічога французскага ў .. [Жанне] не было. Звычайны славянскі тып твару. Новікаў.

4. ‑у. Катэгорыя людзей, аб’яднаных супольнасцю якіх‑н. характэрных унутраных рыс, якасцей, а таксама яркі прадстаўнік гэтай катэгорыі. На глебе калектывізацыі з’явіўся новы тып селяніна — свядомага калгасніка, гаспадара-калектывіста. □ У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.

5. ‑а. Мастацкі вобраз, у якім абагульнены характэрныя рысы якой‑н. групы людзей, саслоўя, класа, эпохі. Народны тып, характар выяўлены тут .. выразна, з добрай мастацкай мерай. Ліс. З таго часу .. [Якім] мне даражэй за ўсіх стаў: як тып, як характар, як чалавек... Нікановіч. У мове кожнага гогалеўскага тыпа паслядоўна раскрываецца мастацкі вобраз з усімі яго выгінамі і мадуляцыямі. «Полымя».

6. ‑а. Асобны чалавек, індывідуум, які вылучаецца сярод іншых характэрнымі рысамі. У гэты момант Панасюк цікавіў Барукова проста ўжо як тып. Васілевіч.

7. ‑а. Разм. Чалавек, звычайна з адмоўнымі рысамі, уласцівасцямі, да якога ставяцца пагардліва. — Асцярожней, хлопцы, той тып небяспечны, — на хаду папярэдзіў адзін дружыннік. Хадкевіч. [Рыбалтовіч] вучыўся ў беларускай гімназіі і здаваўся нам тады вельмі адукаваным і разумным чалавекам, нават бальшавіком. А потым справа з гэтым тыпам праяснілася. Брыль.

8. ‑у. Від, разнавіднасць чаго‑н. Рад асаблівасцей у скланенні назоўнікаў жаночага роду з асновай на зычны вылучае іх у асобны тып са сваёй спецыфічнай парадыгмай, якая ў значнай ступені характарызуецца сумяшчэннем старажытных і новых, набытых пад уздзеяннем граматычнай аналогіі, канчаткаў. Гіст. бел. літ. мовы. У адказ на жыццёвыя запатрабаванні пачынаюць з’яўляцца розныя тыпы слоўнікаў. Суднік. Многія меладычныя тыпы каляндарных украінскіх песень, у сваю чаргу, сустракаюцца ў песнях, якія бытуюць па ўсёй Беларусі. «Беларусь». // Узор, з’ява.

тыпа...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «друкарскі», напрыклад: тыпагравюра, тыпалітаграфія.