тып, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Узор, мадэль, форма з істотнымі якаснымі прыкметамі, якім адпавядае пэўная група прадметаў, з’яў. Тыпы пасажырскіх самалётаў. ▪ Будынак, перад якім спыніліся калгаснікі з Пракопам, быў камбінаваным будынкам новага тыпу, зробленым па праекту Лапко. Колас.

2. ‑у. Спец. Вышэйшая катэгорыя ў сістэматызацыі раслін і жывёл, якая аб’ядноўвае роднасныя класы. Тып членістаногіх жывёл. Тып кветкавых раслін.

3. ‑у. Характэрны фізічны склад, знешні выгляд чалавека, звязаны з яго этнічнай прыналежнасцю. У жанчыны твар мангольскага тыпу. ▪ Але нічога французскага ў .. [Жанне] не было. Звычайны славянскі тып твару. Новікаў.

4. ‑у. Катэгорыя людзей, аб’яднаных супольнасцю якіх‑н. характэрных унутраных рыс, якасцей, а таксама яркі прадстаўнік гэтай катэгорыі. На глебе калектывізацыі з’явіўся новы тып селяніна — свядомага калгасніка, гаспадара-калектывіста. ▪ У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.

5. ‑а. Мастацкі вобраз, у якім абагульнены характэрныя рысы якой‑н. групы людзей, саслоўя, класа, эпохі. Народны тып, характар выяўлены тут .. выразна, з добрай мастацкай мерай. Ліс. З таго часу .. [Якім] мне даражэй за ўсіх стаў: як тып, як характар, як чалавек... Нікановіч. У мове кожнага гогалеўскага тыпа паслядоўна раскрываецца мастацкі вобраз з усімі яго выгінамі і мадуляцыямі. «Полымя».

6. ‑а. Асобны чалавек, індывідуум, які вылучаецца сярод іншых характэрнымі рысамі. У гэты момант Панасюк цікавіў Барукова проста ўжо як тып. Васілевіч.

7. ‑а. Разм. Чалавек, звычайна з адмоўнымі рысамі, уласцівасцямі, да якога ставяцца пагардліва. — Асцярожней, хлопцы, той тып небяспечны, — на хаду папярэдзіў адзін дружыннік. Хадкевіч. [Рыбалтовіч] вучыўся ў беларускай гімназіі і здаваўся нам тады вельмі адукаваным і разумным чалавекам, нават бальшавіком. А потым справа з гэтым тыпам праяснілася. Брыль.

8. ‑у. Від, разнавіднасць чаго‑н. Рад асаблівасцей у скланенні назоўнікаў жаночага роду з асновай на зычны вылучае іх у асобны тып са сваёй спецыфічнай парадыгмай, якая ў значнай ступені характарызуецца сумяшчэннем старажытных і новых, набытых пад уздзеяннем граматычнай аналогіі, канчаткаў. Гіст. бел. літ. мовы. У адказ на жыццёвыя запатрабаванні пачынаюць з’яўляцца розныя тыпы слоўнікаў. Суднік. Многія меладычныя тыпы каляндарных украінскіх песень, у сваю чаргу, сустракаюцца ў песнях, якія бытуюць па ўсёй Беларусі. «Беларусь». // Узор, з’ява.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)