Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сва́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., да каго і без дап.

Прасіць згоды на шлюб з сабой. — Хутчэй бы той Качан сватаўся, што ён сабе думае, не маладзенькі ўжо, — думаў у злосці Цімох. Ваданосаў. Чуткі, што да Бары сватаўся Даніла і што яна збегла, абляцелі ўсё сяло. Дуброўскі. — Вось, — кажа маці, — табе й гаспадыня! Сватайся смела да меншай, мой сыне! Дубоўка.

сва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. каму. Прапаноўваць каго‑н. у мужы ці ў жонкі; клапаціцца аб чыім‑н. шлюбе. Сваталі яму маладзіц, паўвёскі было ўдоў, а выбраць па душы жонку Хведар не мог. Паўлаў. Колькі разоў ён [Юзік] прабаваў сватаць Баранка. Крапіва.

2. Прасіць згоды на шлюб з кім‑н. (у жанчыны або ў яе родных). У Палікараўку прыехалі яны сватаць малодшую дачку Храпавіцкага за стрэчнага Юлісева брата. Мурашка.

3. перан. Разм. Настойліва прапаноўваць каго‑, што‑н.; клапаціцца пра набыццё каго‑, чаго‑н. Загадчык, калі сватаў мяне ў гэтую школу, хваліўся, што ў Міланьках — вялікі лес, глыбокая рака. Далідовіч. — Дзякую... і такога рысака сватаеш ты свайму калгасу? — насмешліва перабіў яго [Чарнова] Міхал. Васілевіч.

свато́к, ‑тка, м.

Памянш.-ласк. да сват. [Чарнавус:] — Сапраўды, калі пачнуць усе так будавацца, як вось гэты мой сваток, дак.. што атрымаецца, не вёска, а старажытнае нешта, усім людзям на смех. Кулакоўскі.

свато́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Уласцівы свату. Рыгорка пачаў рабіць сватоўскія залёты да Варынага бацькі Пракопа Герасімовіча. Дуброўскі.

сва́цейка, ‑і, ДМ ‑цейцы, ж.

Ласк. да свацця (у 2 знач.). [Агата:] Што, свацейка, тудэма-сюдэма, добрага куплялі на рынку? Купала.

сва́ціца, ‑ы, ж.

Разм. Ласк. да свацця (у 2 знач.). Хоць віном, а не вадзіцай Поіш мяне, сваціца, Не хачу з табой вадзіцца, Бо ты любіш вадзіцца. Гілевіч.

сва́цця, ‑і, ж.

1. Жанчына, якая сватала нявесту жаніху ці жаніха нявесце. — Ну, матушка, калі буду жаніцца, дык вас за сваццю вазьму, — сказаў Лабановіч. Колас.

2. Маці мужа ў адносінах да жончыных ці маці жонкі ў адносінах да мужавых бацькоў. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.

•••

Пераезная свацця — чалавек, які часта мяняе месца свайго прабывання дзе‑н.

свая... (гл. свое...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «свое...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: сваякоштны, сваявольства.

сваяво́льнік, ‑а, м.

Тое, што і свавольнік.

сваяво́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да сваявольнік.