Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кля́ўзны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які заключае ў сабе кляўзу. Кляўзнае пісьмо. // Які займаецца кляўзамі; схільны да кляўз. Кляўзны чалавек.

кля́цаць і кла́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Ляскаць, шчоўкаць. Бабарыка і іншыя кляцалі затворамі, аглядаючы патропныя магазіны. Лупсякоў.

кля́цнуць і кла́цнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не, зак.

Аднакр. да кляцаць, клацаць.

кляцьба́, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. клясці. Там-сям прарвецца і кляцьба, Скрабецца ў сэрцы нейкі смоўж. Купала.

2. Словы лаянкі, якімі выражаюць пажаданне зла, няшчасця каму‑н.; праклён. У суседак злых смяротнаю кляцьбою Было: «Каб ты па Месяцу хадзіла!». Барадулін.

кля́ча, ‑ы, ж.

Пагард. Пра худога заезджанага каня.

кля́штар, ‑а, м.

Каталіцкі манастыр. Бернардынскі кляштар. □ На кожным кроку кідаліся ў вочы манастыры, кляштары, касцёлы, цэрквы, кірхі і капліцы са своеасаблівымі скульптурамі каталіцкіх святых. Колас.

[Ням. Kloster з лац. clastrum.]

кля́штарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кляштара, належыць яму. Кляштарныя муры. Кляштарны сад.

кляшчо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. звычайна мн. (кляшчо́ткі, ‑так). Разм. Тое, што і ляшчоткі.

2. Абл. Кусок палкі, расшчэплены з аднаго канца або пасярэдзіне, для сціскання чаго‑н. Кляшчотка была зроблена не на яго хвост — падшывальцы .. ўзялі цяжкае палена, і кот не мог адбегчыся далёка. Чыгрынаў.