гугня́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць гугнявага. Гугнявасць гаворкі.
гугня́віць, ‑няўлю, ‑нявіш, ‑нявіць; незак.
Гаварыць або спяваць у нос. Стары Макар гартае псалтыр і нешта гугнявіць пад нос. Асіпенка.
гугня́вы, ‑ая, ‑ае.
Які гаворыць або спявае ў нос. Прыгожая маладая дзяўчына не хацела ісці замуж за нелюбімага, ды можа яшчэ якога-небудзь гугнявага .. старога. Краўчанка. // Які мае непрыемнае насавое адценне (пра голас, гаворку). Натоўп людзей не слухаў гугнявага чытання, якое зрывалася на крык. Лынькоў.
гуд, ‑у, м.
Тое, што і гудзенне. Пчаліны гуд. □ Мы слухалі з табой прыход вясны ў полі, Спеў жаўрука нястомны, Машын сталёвых гуд. А. Астапенка.
•••
Гудам гудзець гл. гудзець.
гудзе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гусці і гудзець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Рыгор адхіліўся ад акна; разам з гэтым змоўкла гудзенне аэраплана. Гартны. Раптам да вёскі пачалі далятаць нейкія нячутныя дагэтуль гукі, — ні то гудзенне жука, ні то малатарні. Чарот.
гудзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; незак.
Разм. Тое, што і гусці. Тэлеграфныя драты прыціхлі — не гудзяць, прыбраліся ў серабрыстыя пацеркі. Пестрак. Роем пчол гудзеў натоўп сялян. Нікановіч.
•••
Гудам гудзець — вельмі моцна гудзець. Буры. Навальніцы. Гудам бор гудзе. Бядуля.
гудну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да гудзець.
гудо́к, ‑дка, м.
1. Механічнае прыстасаванне для падачы сігналаў шляхам гудзення. Андрэй торгае гудок, моўчкі паварочвае рэгулятар. Іржавы манеўравы паравоз пачынае дрыжэць усім сваім старым нутром. Лынькоў.
2. Працяжны аднастайны гук, сігнал, пададзены з дапамогай такога прыстасавання. Пераклікаліся ранішнія гудкі, крычалі на розныя галасы. Бядуля. Люблю, як займаецца золак, Абуджаны гулам гудкоў, Як дзеці спяшаюцца ў школы, Як хлопцы ідуць да станкоў. А. Александровіч.
3. Старарускі трохструнны смычковы музычны інструмент.
гудо́шнік, ‑а, м.
Уст. Музыкант, які іграў на гудку (у 3 знач.).
гудрані́равацца, ‑руецца; незак.
Зал. да гудраніраваць.