Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

амбі́цыя, ‑і, ж.

Празмернае пачуццё асабістай годнасці; самалюбства. Прафесійная амбіцыя. Збіцца на амбіцыю. □ Таймс-сквер. Натоўп. Над ім з амбіцыяй Гарлае нейкі кандыдат. Панчанка.

•••

Амбіцыя без амуніцыі — пра беспадстаўную амбіцыю.

Кідацца ў амбіцыю гл. кідацца.

(Толькі) без амбіцыі — без крыўды, без нездавальнення.

(Чалавек) з амбіцыяй — пра фанабэрыстага, ганарлівага чалавека.

[Лац. ambitio.]

амбо́н, ‑у, м.

Узвышэнне ў царкве перад так званымі царскімі варотамі. Мікіта адпускаецца і, хлюпаючы лапцямі, зноў ідзе да амбону. Колас. Перасталі з амбонаў казаць казанне папы — лепш цішком паскардзіцца дзе надзейнаму чалавеку. Скрыган.

а́мбра, ‑ы, ж.

Рэчыва. падобнае на воск, якое выдзяляецца кашалотамі; выкарыстоўваецца ў парфумерыі. // Уст. Духі.

[Фр. ambre.]

амбразу́ра, ‑ы, ж.

1. Праём у збудаваннях абарончага характару, бранявежах і пад., праз які страляюць; байніца. Амбразура дота. □ [Валодзя:] — Гераізм — гэта, калі чалавек вядзе самалёт на таран, калі закрывае сваім целам амбразуру. Шамякін. Аказалася, што.. [партызаны] ляжалі перад амбразурамі нямецкага дота ў адкрытым полі. Карпюк.

2. Акопны ці дзвярны праём у дамах, вежах і пад. [Сятогей:] — [Немцы] доты ставяць усюды, амбразуры ў дамах вырэзваюць, спадзяюцца, значыць, біцца за кожны дом. Мележ.

[Фр. embrasure.]

амбразу́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да амбразуры. Амбразурны шчыт.

амбро́зія, ‑і, ж.

1. Род аднагадовых і шматгадовых травяністых раслін сямейства складанакветных.

2. У грэчаскай міфалогіі — нектар, ежа багоў, якая падтрымлівала вечную маладосць і прыгажосць.

[Грэч. ambrosia.]

амбулато́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да амбулаторыі. Амбулаторны прыём. Амбулаторны ўрач. Амбулаторны хворы.

амбулато́рыя, ‑і, ж.

Лячэбная ўстанова для аказання медыцынскай дапамогі ў самой установе і дома.

[Ад лац. ambulatorius — рухомы, які ходзіць.]

амбушу́р, ‑а, м.

Частка духавога інструмента, якая бярэцца ў рот альбо прыціскаецца да губ.

аме́га, ‑і, ДМ амезе, ж.

Назва апошняй літары грэчаскага алфавіта.

•••

Ад альфы да амегі гл. альфа.

Альфа і амега гл. альфа.

[Грэч. o mega.]