Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыя́знасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыязнага. Прыязнасць адносін.

2. Сяброўскія, добразычлівыя адносіны. Пры апошніх словах Гурына Кавалёў ажывіўся і ўзняў вочы: у іх блішчалі агеньчыкі добрай хітрынкі і таварыскай цеплыні і прыязнасці. Чарнышэвіч. Алаіза адчула прыязнасць да сястры, а самой раптам зрабілася няёмка. Арабей. Здаецца, .. [Мікульскі] быў трохі мякчэйшы, але ў яго голасе не чулася прыязнасці. Марціновіч.

прыя́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Прасякнуты сяброўскімі адносінамі, дружалюбнасцю, даверам. Гутарка так і лілася, так і сакатала, і гутарка самая прыязная, поўная спачування. Колас. З гэтым хлопцам у мяне адразу ўсталяваліся прыязныя і даверлівыя адносіны. Савіцкі.

2. Добразычлівы, спагадлівы. Міхаль Ермаліцкі адразу неўзлюбіў Собіча. Ён быў наогул не вельмі прыязны да людзей і крыху закаханы ў сябе. Скрыган. Нават лаянка.. [Івана Пракопавіча], звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю. Колас.

3. Які выказвае дружалюбнасць, добразычлівасць, прыязнасць. Чалавек глядзеў.. вясёлымі вачамі, і ўвесь яго твар .. поўніўся добрай прыязнай усмешкай. Лынькоў.

прыя́мак, ‑мка, м.

Спец. Невялікая яма, паглыбленне ў зямлі перад або пад чым‑н., прызначанае для спецыяльнай мэты (у забоі — для сцёку вады, у падвальным памяшканні перад вокнамі, якія знаходзяцца часткова або поўнасцю ніжэй узроўню зямлі, і пад.).

прыярытэ́т, ‑у, М ‑тэ́це, м.

1. Першынство ў навуковым адкрыцці, вынаходніцтве і пад. Вучоным Расіі належыць прыярытэт адкрыцця Антарктыкі. «Беларусь».

2. Пераважаючае значэнне чаго‑н. Прыярытэт агульнасаюзнага закона. □ М. Гарэцкі паслядоўна абараняў прыярытэт прыгожага пісьменства, адметнасць літаратуры як спецыфічнай формы слоўнага мастацтва. Мушынскі.

[Ням. Priorität.]

пры́яцель, ‑я, м.

Блізка знаёмы чалавек, з якім устанавіліся добрыя, прыязныя адносіны. Я нават не паверыў з першага позірку, што гэта мой даўні прыяцель і першы дарадчык па ўсіх пытаннях механізацыі, электрыфікацыі і будаўніцтва. Кулакоўскі. Пасля гэтай сумеснай працы аўтар і рэдактар сталі самымі шчырымі прыяцелямі. Хведаровіч.

пры́яцелька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Жан. да прыяцель.

пры́яцельскі, ‑ая, ‑ае.

Які ўстанавіўся, існуе паміж прыяцелямі; прыязны. Прыяцельскі тон. Прыяцельская гутарка. // Які з’яўляецца прыяцелем; таварыскі. Добрым прыяцельскім чалавекам быў адзінокі .. Цімох. Мурашка.

пры́яцельства, ‑а, н.

Таварыскія адносіны; сяброўства. Кожны з .. [настаўнікаў], у меру сваіх душэўных сіл, асаблівасцей характару, прыносіў даніну на алтар дружбы і прыяцельства, калі гаварыць высокім стылем. Колас.

прыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каму-чаму і без дап.

Разм. Спрыяць. Ад самага красавіка надвор’е прыяла людзям. Мележ. [Галіна] адразу ўспомніла знаёмства... Было ў ім нешта ад таго, калі людзі, не ведаючы адзін другога, шчыруюць і прыяюць, бо яны даўно зрадніліся. Пташнікаў.

прэа́мбула, ‑ы, ж.

Кніжн. Уступная частка якога‑н. важнага акта, міжнароднага пагаднення, дагавору. Прэамбула дагавора. Прэамбула камюніке.

[Лац. praeambulum.]