спа́льнік, ‑а, м.
Уст. Прыдворны чын у Рускай дзяржаве 15–17 стст.
спа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для спання. Спальны вагон. Спальны мяшок. □ Дзве цёткі.. ніяк не маглі размінуцца ў вузкім калідорчыку. І адна і другая трымалі ў руках па вялікай спальнай падушцы. Каваленка.
2. Які мае адносіны да спальні (у 1 знач.); прызначаны для яе. Спальны гарнітур мэблі.
спа́льня, ‑і, ж.
1. Пакой, прызначаны для спання. Надзя пайшла моўчкі ў спальню. Да вячэры не выйшла, заўпарцілася. Гіль. У паласатай піжаме, з памятым і добрым ад сну тварам, выйшаў са спальні Максім Сцяпанавіч. Карпаў.
2. Разм. Камплект мэблі, прызначаны для такога пакоя. Купіць фінскую спальню.
спамі́ж, прыназ.
Абл. Між (у 1, 2 знач.). У адным месцы .. [чалавек] спыніўся, стаў спін[а]й к лесу і спаміж кустоў глянуў на прырэчнае поле. Чорны.
спаміна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спамянуць.
спамяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Абл. Успамянуць, успомніць. Сумна стала старой на сваю адзіноту. Падумаеш, багатыя, а і спамянуць ніхто не спамяне па смерці. Брыль. — Шкада, — панура вымавіў Купрыянаў, а потым, памаўчаўшы і бліснуўшы вачыма, прагаварыў: — Ну што ж, будзем спадзявацца, што нас ніхто не спамяне благім словам. Гурскі.
спана́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., з інф. і без дап.
Абл. Прывыкнуць, прызвычаіцца рабіць што‑н. Летась былі спанатрылі ластаўкі ляпіць гняздо над самай галавой Хрыста, пакрысе залепліваючы яе граззю. Пташнікаў. [Цётка:] — А то спанатрыў [хлопчык]: абы-што, дык у слёзы. Мыслівец.
спандылі́т, ‑у, М ‑ліце, м.
Запаленне пазванкоў.
[Ад грэч. spondylos — пазванок.]
спандэі́чны, ‑ая, ‑ае.
У вершаскладанні — напісаны спандэем. Спандэічныя вершы.
спандэ́й, ‑я, м.
Двухскладовая стапа (у антычным вершаскладанні — з двух доўгіх складоў, у сілаба-танічным — з двух націскных складоў). Усё часцей і часцей у працах па паэтыцы пачалі ўжывацца паняцці пірыхій і спандэй, якія выяўлялі недастатковасць метрычных націскаў у двухскладовых памерах. «Полымя».
[Грэч. spondeios.]