прычы́м, злучнік далучальны.
Пры гэтым, да таго ж. Немцы чамусьці не спыніліся ў мястэчку, а на поўнай хуткасці паляцелі далей, прычым падаліся не зручнай лесавой дарогай, а палявымі прасёлкавымі дарогамі. Лынькоў. Другія суткі ўжо бушуе завіруха. Прычым снегу і без таго многа. Шынклер.
прычы́на, ‑ы, ж.
1. З’ява, акалічнасць, якая служыць падставай чаго‑н., выклікае або абумоўлівае другую з’яву. Прычына хваробы. Прычына звальнення з работы. □ Ці наверадзіў яе, .. ці якая другая прычына, але нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас.
2. Падстава, зачэпка для якіх‑н. дзеянняў, учынкаў. [Сімон] любіў смяяцца, і для гэтага яму не трэба было шукаць асаблівай прычыны. Самуйлёнак. Сымоніха з Лявоніхай маюць вялікі спрыт прыдумваць на кожны раз новыя прычыны, за што цалавацца і за што біцца. Бядуля.
•••
Без дай прычыны гл. даць.
З прычыны чаго — у выніку чаго‑н., з-за чаго‑н.
прычында́лле, ‑я, н., зб.
Разм. Прычындалы. [Карней] схадзіў да свайго брата, узяў у яго ўсё паляўнічае прычындалле, сам сабраўся і Ключавому дапамог. М. Ткачоў.
прычында́лы, ‑аў; адз. няма.
Разм. Жартаўлівая назва розных прылад, рэчаў аднаго якога‑н. прызначэння. Вінцук выкурыў люльку, выбіў попел, прачысціў дроцікам цыбук і схаваў свае курэцкія прычындалы ў кішэню. Чарнышэвіч. Надзейка адбірала ў .. [бацькі] скавараду і ўсе іншыя прычындалы .. і пачынала сама гаспадарыць. Лынькоў.
прычыне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прычыняць 1 — прычыніць 1 і прычыняцца 1 — прычыніцца 1.
прычы́нены 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прычыніць 1.
прычы́нены 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прычыніць 2.
прычыні́цца 1, ‑чынюся, ‑чынішся, ‑чыніцца; зак.
1. да чаго. Паслужыць, стаць прычынай чаго‑н.; пасадзейнічаць чаму‑н. Думка.. [Рыгора] гэтакая, што гэта Мікалай прычыніўся да развалу яго сям’і. Чорны. Самаадданая праца Сапунова шмат у чым прычынілася да развіцця на Віцебшчыне ў першыя ж гады пасля рэвалюцыі шырокай сеткі краязнаўства, радзімазнаўства, светазнаўства. Ліс.
2. да чаго. Стаць саўдзельнікам якой‑н. справы, прыняць удзел у чым‑н. Сярод людзей, якія паклалі тытанічную працу над выяўленнем мастацкіх здабыткаў беларускага народа і тым самым прычыніліся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларуса перад усім светам, адно з пачэсных месц належыць Міхалу Федароўскаму. Саламевіч. У галіне музычнай культуры да збліжэння польскага і рускага народаў у значнай меры прычыніліся Глінка, Даргамыжскі, Сяроў і Кюі — з рускага боку, з польскага — у першую чаргу трэба назваць Станіслава Манюшку. Шырма. // Далучыцца да чаго‑н., пачаць прымаць удзел у чым‑н. Лагодна пасмейваючыся, да размовы прычыніўся Канстанцін Міхайлавіч: — Куды нам, Янка, цягацца з імі. Лужанін.
3. Здарыцца, адбыцца. Прычынілася бяда.
прычыні́цца 2, ‑чыніцца; зак.
Зачыніцца няпоўнасцю, няшчыльна. Алесь прыўзняўся, заўважыў, што фортачка прычынілася, піхнуў яе на двор, і на яго расхрыстаныя грудзі ціха дыхнула прахалодай. Брыль.
прычыні́ць 1, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.
Паслужыць прычынай чаго‑н.; нанесці, выклікаць (што‑н. непрыемнае). Прычыніць шкоду. Прычыніць зло. □ У адным месцы ў час пад’ёму лодка адарвалася, паехала па схілу, і паранены Волкаў вываліўся з яе. Гэта прычыніла яму вялікі боль. Шамякін. [Лабановіч] яшчэ не забыў тую крыўду, якую прычыніла яму панна Ядвіся, калі выказвала свой жаль з прычыны разлукі з Негрусем. Колас.
прычыні́ць 2, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.
Зачыніць, звычайна няпоўнасцю або няшчыльна. Прычыніць акно. □ Маці прычыніла дзверы і нават у шчыліну не сочыць. Гарбук. Падпечча ляснік прычыніў засланкай, каб не выпаўз [вуж] Антоша. Паўлаў.
прычы́ннасць, ‑і, ж.
1. Удзел у чым‑н., дачыненне да чаго‑н. Абгрунтаванне думкі аб прычыннасці «Новай зямлі» да генезісу беларускага рамана атрымалася неглыбокім і скамечаныя. «Полымя».
2. У філасофіі — форма сувязі і ўзаемадзеяння з’яў аб’ектыўнага свету, якая выяўляе неабходную абумоўленасць адной з’явы другой.
прычы́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае дачыненне да чаго‑н., прымае або прымаў удзел у чым‑н. — Усе гады рабіў. Колькі фермаў пастаўлена, колькі чаго [набудавана] ў калгасе, го і мае рукі да [гэтага] прычынныя. Палтаран.
2. У філасофіі — які ўказвае на адносіны паміж прычынай і вынікам, заснаваны на ўзаемадзеянні прычыны і выніку ў аб’ектыўным свеце. Прычынная сувязь з’яў.
3. У граматыцы — які ўказвае на прычыну, мае значэнне прычыны. Прычынны злучнік.