прычыні́цца 1, ‑чынюся, ‑чынішся, ‑чыніцца; зак.

1. да чаго. Паслужыць, стаць прычынай чаго‑н.; пасадзейнічаць чаму‑н. Думка.. [Рыгора] гэтакая, што гэта Мікалай прычыніўся да развалу яго сям’і. Чорны. Самаадданая праца Сапунова шмат у чым прычынілася да развіцця на Віцебшчыне ў першыя ж гады пасля рэвалюцыі шырокай сеткі краязнаўства, радзімазнаўства, светазнаўства. Ліс.

2. да чаго. Стаць саўдзельнікам якой‑н. справы, прыняць удзел у чым‑н. Сярод людзей, якія паклалі тытанічную працу над выяўленнем мастацкіх здабыткаў беларускага народа і тым самым прычыніліся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларуса перад усім светам, адно з пачэсных месц належыць Міхалу Федароўскаму. Саламевіч. У галіне музычнай культуры да збліжэння польскага і рускага народаў у значнай меры прычыніліся Глінка, Даргамыжскі, Сяроў і Кюі — з рускага боку, з польскага — у першую чаргу трэба назваць Станіслава Манюшку. Шырма. // Далучыцца да чаго‑н., пачаць прымаць удзел у чым‑н. Лагодна пасмейваючыся, да размовы прычыніўся Канстанцін Міхайлавіч: — Куды нам, Янка, цягацца з імі. Лужанін.

3. Здарыцца, адбыцца. Прычынілася бяда.

прычыні́цца 2, ‑чыніцца; зак.

Зачыніцца няпоўнасцю, няшчыльна. Алесь прыўзняўся, заўважыў, што фортачка прычынілася, піхнуў яе на двор, і на яго расхрыстаныя грудзі ціха дыхнула прахалодай. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)