Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыцяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыцягнуць.

прыця́гванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. прыцягваць (у 1 знач.) — прыцягнуць.

прыця́гвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыцягнуцца.

2. Зал. да прыцягваць.

прыця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да прыцягнуць.

2. Выклікаць прыхільнасць, сімпатыі; вабіць. Было ў гэтай усмешцы нешта чыстае, сціплае і такое чалавечае, што заўсёды прыцягвала да.. [Бохана] людзей. Лынькоў. Кавальская справа ўсё больш і больш прыцягвала.. [Васіля]. Кулакоўскі.

прыцягне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыцягнуць (у 4 знач.).

2. Тое, што і прыцяжэнне. Вобразна кажучы, чалавек набыў ужо такую сілу, што пераадолеў зямное прыцягненне і вырваўся ў космас. «Звязда». Надта доўга чалавек не мог вырвацца з палону зямнога прыцягнення. Шыцік. За межамі зямнога прыцягнення і галасы і немага — званчэй. Федзюковіч.

прыця́гнены, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і прыцягнуты.

прыця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыцягнуць.

прыцягну́цца, ‑цягаўся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Наблізіцца да чаго‑н. сілаю прыцяжэння, магнетызму. Цвік прыцягнуўся да магніта.

2. Разм. Рухаючыся з цяжкасцю, павольна, прыйсці куды‑н. [Шкірман] трапіў пад Уманню ў акружэнне, але, пераапрануўшыся ў цывільнае, у лагер не трапіў, прыцягнуўся дадому. Навуменка. // Разм. неадабр. Заявіцца куды‑н. без запрашэння, самавольна. — От валацугі, пярун бы іх пабіў! Чаго яны сюды прыцягнуліся, — кляла Міроніха, уваходзячы ў хату. Гурскі. — Нюрка, ухажор прыйшоў! — Нюрка.. высунула галаву з-за печы. — Ну, чаго прыцягнуўся? — запыталася яна, але ў яе голасе не чулася злосці. Асіпенка.

прыцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Даставіць, прынесці куды‑н. што‑н. цяжкае, грувасткае. Хлопчыкі прыцягнулі драбіну, але яе было малавата, каб дастаць на падстрэшша. Ляўданскі. Вось Яцук падхапіўся, прыцягнуў ахапак ламачча. Галіну за галінай пачаў кідаць у агонь. Лупсякоў. // Наблізіць з сілай, з якімі‑н. намаганнямі каго‑, што‑н. да каго‑, чаго‑н. Павел схапіў .. [Міхаля] за грудзі і прыцягнуў да сябе. Чарнышэвіч. Аўдоцця прыцягнула да грудзей галоўку сына, моцна прытуліла. Мележ. // Наблізіць сілай прыцяжэння, магнетызму. Магніт прыцягнуў іголку.

2. Разм. Сілаю, угаворамі прывесці куды‑н., прымусіць зайсці куды‑н. Прыцягнуць у госці. Прыцягнуць у кіно. □ [Пніцкі] прыцягнуў.. [Нахлябіча] да сына. Чорны. // Прывесці з сабой. Некаторыя з гэтых знаёмых у сваю чаргу прыцягнулі сваіх знаёмых. Маўр.

3. перан. Прывабіць, выклікаць жаданне прыйсці, прыбыць куды‑н. Выстаўка прыцягнула шмат наведвальнікаў. □ Нялюбая была .. [Веры] прафесія, а тое, што прыцягнула яе сюды — каханне да Кузьмы, пачало знікаць. Дуброўскі.

4. перан. Выклікаць жаданне, заахвоціць або прымусіць прыняць удзел у чым‑н., заняцца чым‑н., прымкнуць да чаго‑н. Прыцягнуць на свой бок. □ — Я, прызнацца, шукаў вас, каб пагаварыць і прыцягнуць да работы ў нашай беларускай першай газеце. Колас. — Работа з моладдзю, з інтэлігенцыяй, каб прыцягнуць іх у атрады, — адна з галоўных нашых задач. Шамякін.

•••

Прыцягнуць да адказнасці — прымусіць адказваць за сваю дзейнасць, за свае ўчынкі.

Прыцягнуць увагу — выклікаць цікавасць, прымусіць звярнуць на сябе ўвагу.

прыцяжэ́нне, ‑я, н.

Фізічная з’ява, якая заключаецца ў тым, што адно цела імкнецца наблізіцца да другога. Магнітнае прыцяжэнне. Узаемнае прыцяжэнне.