прыцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.
1. Даставіць, прынесці куды‑н. што‑н. цяжкае, грувасткае. Хлопчыкі прыцягнулі драбіну, але яе было малавата, каб дастаць на падстрэшша. Ляўданскі. Вось Яцук падхапіўся, прыцягнуў ахапак ламачча. Галіну за галінай пачаў кідаць у агонь. Лупсякоў. // Наблізіць з сілай, з якімі‑н. намаганнямі каго‑, што‑н. да каго‑, чаго‑н. Павел схапіў .. [Міхаля] за грудзі і прыцягнуў да сябе. Чарнышэвіч. Аўдоцця прыцягнула да грудзей галоўку сына, моцна прытуліла. Мележ. // Наблізіць сілай прыцяжэння, магнетызму. Магніт прыцягнуў іголку.
2. Разм. Сілаю, угаворамі прывесці куды‑н., прымусіць зайсці куды‑н. Прыцягнуць у госці. Прыцягнуць у кіно. □ [Пніцкі] прыцягнуў.. [Нахлябіча] да сына. Чорны. // Прывесці з сабой. Некаторыя з гэтых знаёмых у сваю чаргу прыцягнулі сваіх знаёмых. Маўр.
3. перан. Прывабіць, выклікаць жаданне прыйсці, прыбыць куды‑н. Выстаўка прыцягнула шмат наведвальнікаў. □ Нялюбая была .. [Веры] прафесія, а тое, што прыцягнула яе сюды — каханне да Кузьмы, пачало знікаць. Дуброўскі.
4. перан. Выклікаць жаданне, заахвоціць або прымусіць прыняць удзел у чым‑н., заняцца чым‑н., прымкнуць да чаго‑н. Прыцягнуць на свой бок. □ — Я, прызнацца, шукаў вас, каб пагаварыць і прыцягнуць да работы ў нашай беларускай першай газеце. Колас. — Работа з моладдзю, з інтэлігенцыяй, каб прыцягнуць іх у атрады, — адна з галоўных нашых задач. Шамякін.
•••
Прыцягнуць да адказнасці — прымусіць адказваць за сваю дзейнасць, за свае ўчынкі.
Прыцягнуць увагу — выклікаць цікавасць, прымусіць звярнуць на сябе ўвагу.