Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыту́хнуць 1, ‑не; пр. прытух, ‑ла; зак.

1. Зменшыцца, збавіць сваю сілу (пра агонь, святло і пад.); часткова, на некаторы час патухнуць. Кірыла кінуў у касцёр ламачча .. Агонь прытух, і ў цемры ніхто нікога не бачыў. Шамякін. На ўсходзе пасвятлела, зоркі на небе прытухлі. Гаўрылкін.

2. перан. Зменшыцца, страціць сваю вастрыню. Пачуцці прытухлі. □ Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала. Іменна праз Собіча да гэтага часу яшчэ не прытухла як след .. сварка [Марыны і Ермаліцкага]. Скрыган.

3. Спец. Аслабнуць, часткова або на некаторы час спыніцца. Радыёхвалі прытухлі.

прыту́хнуць 2, ‑не; пр. прытух, ‑ла; зак.

Трохі сапсавацца, стухнуць (пра харчы, корм і пад.). Мяса прытухла.

прыту́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прытушыць.

2. у знач. прым. Няяркі, прыглушаны (пра колер, фарбу, гукі і пад.). Ці не ўспыхвалі ў зрокавай памяці .. [Шчакаціхіна] крыху прытушаныя барвы і ўзоры беларускіх народных майстроў і мастакоў сённяшніх і будучых. Ліс. Былі .. [галасы] не моцныя, яшчэ прытушаныя, але людзі не саромеліся гаварыць. Кудравец.

прыту́швацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прытушыцца.

2. Зал. да прытушваць.

прытушы́цца, ‑тушыцца; зак.

1. Стаць менш яркім; зацямніцца. Вербы крыху памутнелі, прытушыліся змрокам. Глуха і цяжка ўздыхае Дняпро. Ракітны. [Іван] з задавальненнем падумаў, што пад дажджом прытушыцца, пацямнее яго паласатая, бачная здалёк стракатасць. Быкаў.

2. перан. Аслабіцца, стрымацца (пра пачуцці). Прытушылася нервовая рашучасць у зыркіх вачах Жука. Быкаў.

прытушы́ць, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што.

1. Трохі збавіць, аслабіць (святло, агонь і пад.). Прытушыць лямпу. □ [Сухоцкі] звярнуў на прасёлак і, прытушыўшы фары, паехаў у бок Ядліны. Курто. // у перан. ужыв. Зоры прытушылі свой бляск, толькі самыя буйныя сям-там яшчэ ярка гарэлі на небасхіле. Быкаў.

2. Разм. Затушыць, загасіць. Бацька трохі пакурыў, потым прытушыў недакурак, паклаў на трухлявы пянёк — эканоміў курыва. Масарэнка.

3. перан. Аслабіць, стрымаць. — Але чаму яны засталіся? — каб неяк прытушыць Шарэйкаву гарачнасць, спытаў Зазыба. Чыгрынаў. — А мне не спадабалася! — усміхнуўся ён аднымі вачамі і тут жа прытушыў ўсмешку. Місько.

пры́тча, ‑ы, ж.

Кніжн. Іншасказальнае апавяданне з павучальным вывадам. Прытча пра блуднага сына. □ [У прамове] былі і цытаты з бібліі, і цэлы псалом, і дарэчы прыведзеная прытча. Лынькоў. // Іншасказальны выраз. [Ярошка:] — Кіньце гаварыць прытчамі, не люблю алегорый, эзопавай мовы. Дамашэвіч.

прыты́ка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Абл. Выструганая жэрдка, якая ўтыкаецца ў дно вадаёма для замацавання на ёй сеткі, нерата і пад. «Няўжо і цяпер хто ловіць рыбу?» — падумаў Крамнёў і крануў вяслом адну з прытык. Шашкоў.

прытыка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыткнуцца.

2. Зал. да прытыкаць ​1.

прытыка́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыткнуць.

прытыка́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыткаць.

прыты́м, злучнік далучальны (звычайна ў спалучэнні са злучнікамі і, ды, а).

Да таго ж, акрамя таго. Так у Малінаўцы з’явіўся новы гаспадар, і прытым не абы-які. Чарнышэвіч. [Валодзя:] — Ведаць .. [Кастуся] я ведаю, але думаю, што вопыту ў яго мала. [Максім:] — У Андрэя вопыту не больш, прытым і характарам ён мяккаваты. Машара. Гэта быў стрыманы і дакладны, прытым нешматслоўны субяседнік. В. Вольскі.