прыту́л, ‑у, м.
Разм. Тое, што і прытулак (у 1 знач.). Твае паляны і лясы Далі прытул мне і пасцель. Астрэйка.
прыту́лак, ‑лку, м.
1. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н., адпачыць, прабыць патрэбны час. Амаль кожная кватэра давала прытулак двум, тром ці нават чатыром сем’ям. Мележ. Сафрон Дзядзюля .. цёрся каля бежанскай фурманкі, пакуль высокі гаспадар яе хадзіў па хатах і апытваў прытулку. Чорны.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — дабрачынная ўстанова для сірот, беспрытульных дзяцей, старых і інш. Камітэт па справах бежанцаў змясціў хворую ў бальніцу, а сямігадовую Галіну накіраваў з партыяй дзяцей у адзін з дзіцячых прытулкаў Мінска. Галавач. Прыйшлі людзі, пагаравалі і, гледзячы на сірот, сказалі: — Куды іх цяпер? Застаецца адно — у прытулак. Данілевіч.
3. Права бяспечнага пражывання, што дае якая‑н. дзяржава іншаземным грамадзянам, якіх праследуюць улады іншых краін. Беларуская ССР дае права на прытулак іншаземцам, якія праследуюцца за абарону інтарэсаў працоўных і справы міру, за ўдзел у рэвалюцыйным і нацыянальна-вызваленчым руху, за прагрэсіўную грамадска-палітычную, навуковую або іншую творчую дзейнасць. Канстытуцыя БССР.
прыту́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прытуліць.
прытулі́цца, ‑тулюся, ‑тулішся, ‑туліцца; зак.
1. Прыгарнуцца, прыхіліцца да каго‑, чаго‑н. з ласкай, пяшчотай. Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця. Колас. Малое насупілася, недаверліва паглядзела на незнаёмага дзядзьку і прытулілася да дзеда. Дуброўскі. [Мікола] прытуліўся да мяне, і, засынаючы, я чуў ягоны шэпт і адчуваў шчасліва роднае сяброўскае цяпло. Брыль. // Шчыльна прыціснуцца, прыпасці да каго‑, чаго‑н. Адно толькі жаданне было ў Казіка: узлезці на печ, прытуліцца да яе акалелым целам. Чарнышэвіч. Прытуліўся [Мікола] лбом да шурпатай дошкі, прыжмурыў адно вока.. На срэбнай пласцінцы выціснута яго імя і прозвішча. Б. Стральцоў.
2. Знайсці сабе прытулак, прыстанішча. Калгасны жывёлавод Яшчын, у хаце якога жыве Паходня, дзе цяпер прытуліўся і я, расказваў мне неяк увечары, што толькі пры яго памяці Старыца знішчалася дашчэнту тройчы. Хадкевіч. // Прыладзіцца, прымасціцца дзе‑н. Хлопцы прытуліліся пад кустом, пакінулі на галаву плашч-палатку і пры ліхтарыку пачалі пісаць. Казлоў.
3. перан. Размясціцца дзе‑н. у зацішным месцы, пад аховай чаго‑н. Амаль у самым канцы вуліцы Карла Маркса прытулілася невялічкая хатка. С. Александровіч. [Аўтар] адразу ж зачароўвае чытача хараством роднай вёскі Пасынкі, што прытулілася над Ціхменню-ракой недзе ў Заходняй Беларусі. Юрэвіч.
прытулі́ць, ‑тулю, ‑туліш, ‑туліць; зак., каго-што.
1. Прыгарнуць, прыхіліць да сябе з ласкай, пяшчотай. Маёр пасадзіў большых дзяцей насупраць жанчын, а маленькую дзяўчынку прытуліў да грудзей, няўмела гушкаючы на руках. Даніленка. Грушка развітаўся з Тамараю на вакзале, прытуліў яе апошні раз. Яна сказала: — Пішы... Пестрак. Стэпа сцішылася, прытуліла пісьмо да грудзей. Гартны. // Шчыльна прыціснуць, прыперці да каго‑, чаго‑н. Зазваніў тэлефон. Кавалёў зняў трубку і прытуліў яе да вуха. Чарнышэвіч. Прытуліўшы галаву да самае шыбіны, Галіна голасна, каб яе пачулі, запытала: — Ці сходу не было ў вас? Галавач.
2. Даць прыстанішча, прытулак. Павел Іванавіч пойдзе па хатах, самымі ласкавымі словамі будзе ўпрошваць гаспадынь прытуліць будаўнікоў. Кулакоўскі. Старажытны Томск прытуліў нас, бежанцаў вайны з Беларусі. Рамановіч. // перан. Узяць каго‑н. пад сваю апеку; прыгрэць. Сваіх дзяцей у Зосі не было, яна прытуліла дзесяцігадовага пляменніка Алёшу. Хадкевіч. Артылерысты прытулілі .. [Лёньку Лазарчыка] як сірату-бежанца. Грамовіч.
•••
Прытуліць галаву — знайсці прыстанішча дзе‑н.
прыту́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прытуліцца.
2. Зал. да прытульваць.
прыту́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прытуліць.
прыту́льна,
1. Прысл. да прытульны.
2. безас. у знач. вык. Утульна, прыемна. У хаце каля акна было прытульна, ціха і весела. Чорны. Каля роднай мамкі Селі мы ў радок. Нам прытульна, добра, Цёплы наш куток. Журба.
прыту́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прытульнага. Тут толькі Ігнась заўважыў усю прытульнасць пакоя. Мурашка.
прыту́льны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца добрым прытулкам; утульны. Пасля ўчарашніх турбот іх «дом» здаваўся такім прытульным, родным, нібы яны тут і нарадзіліся. Маўр. Дарога пайшла з грывы ўніз, бліжэй да Дняпра, і тут вачам адкрылася прытульная і даволі вялікая лагчына. Караткевіч.