прытулі́ць, ‑тулю, ‑туліш, ‑туліць; зак., каго-што.

1. Прыгарнуць, прыхіліць да сябе з ласкай, пяшчотай. Маёр пасадзіў большых дзяцей насупраць жанчын, а маленькую дзяўчынку прытуліў да грудзей, няўмела гушкаючы на руках. Даніленка. Грушка развітаўся з Тамараю на вакзале, прытуліў яе апошні раз. Яна сказала: — Пішы... Пестрак. Стэпа сцішылася, прытуліла пісьмо да грудзей. Гартны. // Шчыльна прыціснуць, прыперці да каго‑, чаго‑н. Зазваніў тэлефон. Кавалёў зняў трубку і прытуліў яе да вуха. Чарнышэвіч. Прытуліўшы галаву да самае шыбіны, Галіна голасна, каб яе пачулі, запытала: — Ці сходу не было ў вас? Галавач.

2. Даць прыстанішча, прытулак. Павел Іванавіч пойдзе па хатах, самымі ласкавымі словамі будзе ўпрошваць гаспадынь прытуліць будаўнікоў. Кулакоўскі. Старажытны Томск прытуліў нас, бежанцаў вайны з Беларусі. Рамановіч. // перан. Узяць каго‑н. пад сваю апеку; прыгрэць. Сваіх дзяцей у Зосі не было, яна прытуліла дзесяцігадовага пляменніка Алёшу. Хадкевіч. Артылерысты прытулілі .. [Лёньку Лазарчыка] як сірату-бежанца. Грамовіч.

•••

Прытуліць галаву — знайсці прыстанішча дзе‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)