Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыда́шак, ‑шка, м.

Абл. Край даху, які навісае над чым‑н.; падстрэшак. Адзін з прыезджых, якія стаялі пад прыдашкам, дзе вісеў станцыйны звон, перахрысціўся і расхінуў пры гэтым свой башлык. Самуйлёнак.

прыдба́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прыдбаны, набыты. Густы водар гародаў і гумнаў быў свежы, можа, больш, як калі, і цешыў душу чалавек прыдбалым за лета багаццем. Пташнікаў.

прыдба́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыдбаць.

прыдба́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыдбаць.

прыдба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што і чаго. Набыць, займець што‑н.; нажыць. [Алесь] трымаў каня і цешыўся з таго, што прыдбаў уласную гаспадарку, прыдбаў яе, столькі выцерпеўшы і вызнаўшы. Адамчык. У хаце іх было адзінае на ўсё наваколле піяніна — яго таксама Аксіння Хвядосаўна прыдбала для дачкі. Шамякін. У часе вайны загінула ўся дзядзькава сям’я. Новай ён не прыдбаў... Сачанка.

2. што і чаго. Атрымаць што‑н., авалодаць чым‑н. Прыдбаць вопыт. Прыдбаць пашану. □ Цягаў ён [бацька] гліну, цэглу і каменне, Каб той мулярскі спрыт сабе прыдбаць. Звонак. Цяпер прыдбалі лепшай славы жыццём адноўленым Паставы: народ сваёй паставіў працай патомкам і сабе палацы! Дубоўка. Рыбак з гэтага самага Івана не вельмі што, за ўсё сваё жыццё ён, можа, і злавіў паўдзесятка шчупакоў, але ўсё ж славу сабе прыдбаў шырокую і ведаюць аб ім многія. Шашкоў.

прыдво́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на службе пры двары манарха. Прыдворная знаць. Прыдворны паэт.

2. у знач. наз. прыдво́рны, ‑ага, м.; прыдво́рная, ‑ай, ж. Асоба, якая ўваходзіць у штат двара манарха.

прыджга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Хутка прыйсці або прыбегчы, прыбыць куды‑н. Вясёлы гімназіст пешкі прыджгаў дадому і, як быццам бы нічога не здарылася, адразу палез на вышкі. Чорны. Сапраўды, не паспела назаўтра зайсці сонца, [сакольнік] прыджгаў.. «Я, кажа, напрасцякі, дзе лугам, дзе разоркаю». Лужанін.

прыдзеясло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які знаходзіцца пры дзеяслове, залежыць ад дзеяслова. Прыдзеяслоўная часціца. Прыдзеяслоўнае кіраванне.

прыдзі́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Прыдзірлівы чалавек. Адны знаходзілі.. [інспектара] чалавекам, з якім яшчэ жыць можна; другія ж, наадварот, даводзілі, што ён — прыдзіра, з кожнага глупства робіць цэлую справу. Колас.

прыдзіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да прыдрацца.