прыдба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што і чаго. Набыць, займець што‑н.; нажыць. [Алесь] трымаў каня і цешыўся з таго, што прыдбаў уласную гаспадарку, прыдбаў яе, столькі выцерпеўшы і вызнаўшы. Адамчык. У хаце іх было адзінае на ўсё наваколле піяніна — яго таксама Аксіння Хвядосаўна прыдбала для дачкі. Шамякін. У часе вайны загінула ўся дзядзькава сям’я. Новай ён не прыдбаў... Сачанка.
2. што і чаго. Атрымаць што‑н., авалодаць чым‑н. Прыдбаць вопыт. Прыдбаць пашану. □ Цягаў ён [бацька] гліну, цэглу і каменне, Каб той мулярскі спрыт сабе прыдбаць. Звонак. Цяпер прыдбалі лепшай славы жыццём адноўленым Паставы: народ сваёй паставіў працай патомкам і сабе палацы! Дубоўка. Рыбак з гэтага самага Івана не вельмі што, за ўсё сваё жыццё ён, можа, і злавіў паўдзесятка шчупакоў, але ўсё ж славу сабе прыдбаў шырокую і ведаюць аб ім многія. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)