Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прысу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Сунучыся, пасунуўшыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Антон Жывіцкі бліжэй прысунуўся да лаза бліндажа і пачаў слухаць. М. Ткачоў. Галя адчула, што Міход прысунуўся да яе гэтак блізенька, што дакрануўся да яе нагі. Сабаленка.

2. Разм. неадабр. Прыйсці, прывалачыся куды‑н. Учуўшы пікантную размову, прысунуліся прагныя да навін бабулі. Аношкін.

прысу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

Сунучы, пасоўваючы, наблізіць да каго‑, чаго‑н. Прысунуць куфар да сцяны. Прысунуць крэсла да стала. □ [Ганна:] Вы не пакрыўдзіцеся на мяне, калі я папрашу вас прысунуць гэты столік і мы з вамі паснедаем? Кучар.

прысуня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца; заг. прысуніміся; зак.

Абл. Трохі суняцца, спыніцца на некаторы час. Яны падыходзілі пад самую Манькоўку. Гарбач прысуняўся і паказаў на першы з канца дом. Мурашка.

прысуня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе; заг. прысунімі; зак., каго-што.

Абл. Трохі або на некаторы час суняць; прыпыніць. [Патапчык] прысуняў каня і развязаў торбу. Чарнышэвіч. — Чаго ты гэтак ляціш, як усё роўна з прывязі сарваўшыся? — прысуняў Цітка Кандрат. Лобан.

прысусе́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да прысуседзіцца.

прысусе́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Разм. Сесці побач з кім‑н.; размясціцца каля каго‑н., далучыцца да каго‑н. На Міхася ніхто не звярнуў увагі. Ён прысуседзіўся на лаўцы. Асіпенка. Гудок прысуседзіўся да кампаніі маракоў у купэ, размешчаным побач. Навуменка.

прысу́тнасць, ‑і, ж.

Знаходжанне, асабістае прабыванне ў якім‑н. месцы ў пэўны час. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас. [Таццяне] раптам зрабілася надзвычай весела, і яна адчувала сябе вельмі ўтульна ў лесе ў прысутнасці гэтага разважлівага хлапца. Шамякін. // Наяўнасць чаго‑н. у чым‑н., дзе‑н. У прысутнасці марганцу, а асабліва бору расліна накоплівае больш вугляводаў. «Беларусь».

прысу́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Быць, знаходзіцца дзе‑н. у пэўны час. На заводзе быў мітынг. Тысяч дваццаць прысутнічала народу. Гурскі. Яму можна было і не прысутнічаць на гэтым пасяджэнні, але Іван не любіў, калі завочна вырашаюць яго лёс. Шахавец. Мне давялося быць першым чытачом і крытыкам некаторых апошніх вершаў Валянціна [Таўлая], у пэўнай меры прысутнічаць пры іх нараджэнні. Брыль. // Мецца, быць у наяўнасці дзе‑н. Апавяданне можа быць пазбаўлена складаных калізій, яркіх вобразаў, але ў ім заўсёды будзе прысутнічаць спецыфічная для М. Лынькова паэтычнасць. Кучар.

прысу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прысутнічае, знаходзіцца дзе‑н. у пэўны час. [Жанчына] нават не засмяялася і тады, калі навокал яе прысутныя людзі зарагаталі. Карпюк. Завязваецца гутарка з прысутнымі тут калгаснікамі аб іх жыцці ва ўмовах партызанскага краю. Залескі.

2. у знач. наз. прысу́тныя, ‑ых. Тыя, хто прысутнічае. Мароз абвёў вачамі ўсіх прысутных — ці не будзе пярэчанняў. Лобан. — Устаць! — строга крыкнуў вартаўнік суда. Прысутныя ўсталі. Брыль.

прысуту́лены, ‑ая, ‑ае.

Трохі сутулы, сутулаваты. Цяпер .. [Піліпчык] быў прысутулены, маўклівы, са спушчанымі ўніз вачамі. Чорны. Варвары чамусьці без усякай сувязі прыходзіць на памяць прысутуленая шырокая Алесева спіна і яго твар. Васілевіч.