Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прысту́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыстукнуць.

прысту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што, чым і па чым. Злёгку, нямоцна стукнуць. Дзед Ларка прыстукнуў малатком цвічок, прыцмокнуў языком. Пянкрат. — Вось і вы сваю цаглінку паклалі ў будынак школы, — сказаў муляр ды прыстукнуў кельмай зверху, раўняючы рад. Юрэвіч. — І, ведайце, усё на сваім пастаўлю, — прыстукнуў .. [Хлор] па стале кулаком. Гартны. Пшэбора спрытна павярнуўся, Як першы ў свеце кавалер, Прыстукнуў ботам ды прыгнуўся, Аж бліснуў срэбраны каўнер. Колас.

2. каго. Разм. Забіць, прыбіць. Рабіў Макар усё на злосць старшыні, лаяў яго спачатку за вочы, а пасмялеўшы, і ў вочы. Выпіўшы, пагражаў прыстукнуць у цёмным закутку. Асіпенка.

пры́ступ, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыступаць — прыступіць.

2. Момант абвастрэння, узмацнення якой‑н. хваробы, хваравітая з’явы. Прыступ апендыцыту. Сардэчны прыступ. □ Пачнуцца прыступы радыкуліту, і ўжо зусім няможна будзе паехаць у камандзіроўку. Асіпенка. Праз тыдні тры ў Андрэя пачаліся прыступы малярыі. Дуброўскі. // Рэзкае, вострае праяўленне якога‑н. душэўнага стану, пачуцця. Прыступ гневу. Прыступ рэўнасці. □ Ніколі, ні ў гестапа, ні ў лагеры, ні перад аперацыяй, у .. [Зосі Савіч] не было такіх прыступаў страху, якія здараюцца часамі цяпер. Шамякін. — Мартыне! Родны!.. — усклікнуў Коўбец, і голас яго асекся, перахоплены прыступам рыдання. М. Ткачоў.

3. Атака, штурм. Ісці на прыступ. □ Толькі ўбачыўшы купкі сваіх таварышаў, якія .. рашучым прыступам бралі «варожую крэпасць» — высокі сумёт, хлапчук з крыкам ура пабег да іх. Лынькоў.

•••

Ані прыступу да каго — немагчыма падысці, звярнуцца да каго‑н. [Аленка] добра памятае, як хацела дагнаць.. [Сцёпку], а ён толькі воўкам зірне на яе — і ані прыступу. Колас.

Няма прыступу да каго гл. няма.

прысту́пак, ‑пка, м.

Тое, што і прыступка. Падышоўшы да лесвіцы, бабка хацела падсадзіць Цімку на першы прыступак. Кулакоўскі.

прыступа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да прыступіцца.

прыступа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыступіць.

прыступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.

1. Наблізіцца, падысці да каго‑, чаго‑н. Толькі і дадавала прыгажосці азярцо, што ляжала ў балоце, але да яго нельга было прыступіцца ні з аднаго боку. Чарнышэвіч. Ад станцыі напрасткі да.. [коп сена] было не прыступіцца — гразкае балота. Новікаў. // Падысці, звярнуцца да каго‑н. Ціток загадаў абавязкова Параску прывесці. І калі тая сапраўды прыйшла, ён не ведаў, з якога боку да яе прыступіцца: яна і такая, яна і гэтакая. Лобан. Але старая маці баіцца прыступіцца да Зоські, бо тая пачынае злавацца ды з хаты ўцякае. Бядуля.

2. Узяцца за што‑н.; прыступіць. — А я буду рабіць тое, да чаго падручны і нават сярэдні майстар прыступіцца не адважыцца. Кулакоўскі.

прыступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. што. Наступіўшы на што‑н., прыціснуць, прытрымаць. Бабуля прыступіла валёнкам гаручы квач, толькі копаць пайшла. Брыль.

2. Уст. Блізка падысці, падступіць да каго‑, чаго‑н. Войска прыступіла да самага горада. □ — Праўда? — гуртам прыступілі дзяўчаты да Адася. Калюга.

3. Пачаць што‑н., узяцца за што‑н. У галаве .. [рэдактара] было многа ўсякіх ідэй. Адна такая ідэя — прыступіць да выдання панямонскай газеты. Колас. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх ваколіц. Маўр. // Пачаць што‑н. рабіць, выконваць. Прыступіць да сваіх абавязкаў. □ Тады пайшоў сам Ксавэр Блецька. Ён смела і нахабна явіўся да Гальваса і адразу прыступіў да справы. Чорны. Пасля перапынку, дзесьці апоўначы, мы прыступілі да наступнай сцэны вяселля. Нядзведскі.

прысту́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Падножка, ступенька, па якіх падымаюцца ўверх або спускаюцца ўніз. Прыступка трамвая. □ Борзда падняўшыся па прыступках ганка, .. [Веньямін] зайшоў у калідорчык і пастукаў у першыя дзверы. Навуменка. Гэты нізенькі ў дзве прыступкі ганак быў улюбёным месцам адпачынку для ўсіх жыхароў нашай кватэры. Ракітны. Па добра знаёмай крутой лесвіцы з абцёртымі прыступкамі .. [Вера] ўзабралася на мансарду. Асіпенка.

2. перан. Разм. Асобны этап у развіцці чаго‑н., у якой‑н. справе. Вызваленне беларускага народа з царскіх і панскіх ярэм — яшчэ адна прыступка ў будыніне канчатковай свабоды чалавецтва. Лужанін. Але ні да чаго так не ляжала яго сэрца, як да працы журналіста. Ён зведаў усе прыступкі гэтай складанай справы — ад пасыльнага да рэдактара. Машара.

прысту́пна, прысл.

Абл. Зручна, лёгка (ісці). Перад самай вёскай Тышкевіч загадаў людзям разгарнуцца ланцужком. Снег пад гарой мелкі, ісці было прыступна. Асіпенка. Ісці па ямах босай было мякка і прыступна. Пташнікаў.