прыступ, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыступаць — прыступіць.
2. Момант абвастрэння, узмацнення якой‑н. хваробы, хваравітая з’явы. Прыступ апендыцыту. Сардэчны прыступ. ▪ Пачнуцца прыступы радыкуліту, і ўжо зусім няможна будзе паехаць у камандзіроўку. Асіпенка. Праз тыдні тры ў Андрэя пачаліся прыступы малярыі. Дуброўскі. // Рэзкае, вострае праяўленне якога‑н. душэўнага стану, пачуцця. Прыступ гневу. Прыступ рэўнасці. ▪ Ніколі, ні ў гестапа, ні ў лагеры, ні перад аперацыяй, у .. [Зосі Савіч] не было такіх прыступаў страху, якія здараюцца часамі цяпер. Шамякін. — Мартыне! Родны!.. — усклікнуў Коўбец, і голас яго асекся, перахоплены прыступам рыдання. М. Ткачоў.
3. Атака, штурм. Ісці на прыступ. ▪ Толькі ўбачыўшы купкі сваіх таварышаў, якія .. рашучым прыступам бралі «варожую крэпасць» — высокі сумёт, хлапчук з крыкам ура пабег да іх. Лынькоў.
•••
Ані прыступу да каго — немагчыма падысці, звярнуцца да каго‑н. [Аленка] добра памятае, як хацела дагнаць.. [Сцёпку], а ён толькі воўкам зірне на яе — і ані прыступу. Колас.
Няма прыступу да каго гл. няма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)