Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыствало́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і прыствольны.

прыство́льны, ‑ая, ‑ае.

Размешчаны каля ствала або вакол ствала дрэва. [Студэнты-практыканты] сваімі рукамі абрэзалі кроны садовых дрэў, абкапалі прыствольныя кругі. «Беларусь».

прысто́іць, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак.

Абл. Ідучы, спыніцца, стаць на кароткі час. Хомка прыстоіў за рогам будкі, каб не кінуцца.. ў вочы. Гарэцкі. [Стася] прыстоіла і ўзняла на .. [Зеленюка] наіўна-здзіўленыя вочы. Зарэцкі.

прысто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыстоіць.

прысто́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыстойнага. Прыстойнасць паводзін. Прыстойнасць гутаркі.

2. Ветлівасць, далікатнасць, выхаванасць у паводзінах, манерах і пад. І вось Алтар, прыпёрты да сцяны жонкаю, дачкою і сынам, выходзіць з усіх рамак, губляе ўсякую прыстойнасць, хапае стары галёш і шпурляе. Чарнышэвіч. — А вы б засталіся, — прапанаваў Ярмоленка, і Сяргей здагадаўся, што Антон сказаў гэта дзеля прыстойнасці, а на справе яму не дужа хочацца, каб Жылінскі заставаўся тут надоўга. Сіўцоў. — Пацалуй мяне. Адзін раз. Шкада табе? — Жанчына траціла ўсякую прыстойнасць. Шамякін. // Правілы паводзін, прынятыя ў якім‑н. грамадскім асяроддзі. — Яны, бачыце, лічылі, што свістаць могуць толькі мужыкі. Шляхецкая прыстойнасць не дазваляла гэтага. Чарнышэвіч. Лейтэнанта паліцыі, які затрымаў іх спачатку як звычайных парушальнікаў прыстойнасці і грамадскага парадку, распісалі ва ўсіх газетах. Лынькоў.

прысто́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае прынятым правілам прыстойнасці. Прыстойныя паводзіны. □ З прыстойным далікацтвам.. [Тоўхарт] з усімі развітаўся. Чорны. [Госці] шумелі, крычалі, рагаталі, адпускалі не зусім прыстойныя жарты. Колас. // Добра выхаваны; сумленны, не здольны на дрэнныя ўчынкі. Нейкі прыстойны малады чалавек устаў і даў.. [Зосі] месца. Карпаў. — А ты.. ты прыстойны чалавек, ты не станеш дамагацца кахання замужняй жанчыны. Шамякін.

2. Дастаткова добры, нядрэнны. З самага краю вуліцы, па левым яе баку, стаяла падбудаваная, яшчэ зусім прыстойная хата. Гартны. Асабняк прыстойны — шэсць пакояў, зашклёная веранда, яблыневы сад. Навуменка. Першага ганарару хапіла не толькі на прыстойны касцюм, але і на неблагі капялюш. Васілёнак. // Такі, якім належыць быць. Прыстойны выгляд. // Дастатковы па велічыні, памерах. У кожным разе барсук быў пастаўлены на стол хоць не цалкам (без галавы і кумпякоў), але ў вельмі прыстойнай колькасці. Дубоўка. На гэтай паляне, акружанай сасновым лесам, высяцца сярод агародаў, на прыстойнай адлегласці адзін ад аднаго, некалькі новых драўляных будынкаў. В. Вольскі.

прыстраля́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыстраляць.

прыстраля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Пробнай стральбой вызначыць адлегласць да цэлі і ўстанавіць правільны прыцэл. — Прыстраляліся! — радасна паведаміў Мазураў. — Трэба ім перадаць, каб так і білі. Казлоў. Рускія артылерысты, прыстраляўшыся, пачалі біць па нямецкіх акопах. Гурскі.

прыстраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

1. Пробнымі стрэламі ўстанавіць правільны прыцэл агнястрэльнай зброі, гарматы і пад. Гэтай адказнасці я не баяўся, бо мы звыкліся з Сарочым лесам і прыстралялі кожны небяспечны падыход да яго. Няхай.

2. Выверыць агнястрэльную зброю, выпрабаваць яе стральбой. — Гарматы прыстралялі, таварыш генерал-палкоўнік. Мележ.

прыстрачы́ць, ‑страчу, ‑строчыш, ‑строчыць; зак., што.

Прышыць строчкай на машыне. Прыстрачыць накладную кішэнь.