прыстойны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адпавядае прынятым правілам прыстойнасці. Прыстойныя паводзіны. ▪ З прыстойным далікацтвам.. [Тоўхарт] з усімі развітаўся. Чорны. [Госці] шумелі, крычалі, рагаталі, адпускалі не зусім прыстойныя жарты. Колас. // Добра выхаваны; сумленны, не здольны на дрэнныя ўчынкі. Нейкі прыстойны малады чалавек устаў і даў.. [Зосі] месца. Карпаў. — А ты.. ты прыстойны чалавек, ты не станеш дамагацца кахання замужняй жанчыны. Шамякін.
2. Дастаткова добры, нядрэнны. З самага краю вуліцы, па левым яе баку, стаяла падбудаваная, яшчэ зусім прыстойная хата. Гартны. Асабняк прыстойны — шэсць пакояў, зашклёная веранда, яблыневы сад. Навуменка. Першага ганарару хапіла не толькі на прыстойны касцюм, але і на неблагі капялюш. Васілёнак. // Такі, якім належыць быць. Прыстойны выгляд. // Дастатковы па велічыні, памерах. У кожным разе барсук быў пастаўлены на стол хоць не цалкам (без галавы і кумпякоў), але ў вельмі прыстойнай колькасці. Дубоўка. На гэтай паляне, акружанай сасновым лесам, высяцца сярод агародаў, на прыстойнай адлегласці адзін ад аднаго, некалькі новых драўляных будынкаў. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)