Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыстасо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыстасавацца.

2. Зал. да прыстасоўваць.

прыстасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыстасаваць.

пры́стаў, ‑става, м.

1. Начальнік мясцовай паліцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі.

2. У Маскоўскай Русі — службовая асоба, якая была прыстаўлена да каго‑, чаго‑н. для нагляду.

•••

Станавы прыстаў — у дарэвалюцыйнай Расіі — начальнік паліцэйскага ўчастка ў сельскай мясцовасці.

Судовы прыстаў — у дарэвалюцыйнай Расіі — чыноўнік судовага ведамства, які прыводзіў у выкананне рашэнне суда.

прыста́ўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы; Р мн. ‑ставак; ж.

1. У граматыцы — частка слова, якая стаіць перад коранем; прэфікс.

2. Тое, што прыстаўляецца, прырабляецца дадаткова да чаго‑н. Магнітафонная прыстаўка.

прыстаўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыстаўляць — прыставіць.

прыста́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыставіць.

прыстаўля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да прыстаўляць.

прыстаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прыставіць.

прыстаўны́, ‑ая, ‑ое.

Які прыстаўляецца да чаго‑н. або прыстаўлены да чаго‑н. Прыстаўное крэсла. □ Люся ўсё парывалася падняцца ў.. [самалёт] па шырокай прыстаўной лесвіцы. Даніленка.

прыста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; заг. прыстань; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Шчыльна прылягаючы, прымацавацца, прыліпнуць. Да мокрых кашуль дзяцей прыстала многа пяску. Бядуля. Да аднае былінкі прыстала белае пёрка. Гарбук. Холад апёк руку, яна аж прыстала да празрыстага ледзячка. Чарнышэвіч. // Шчыльна прылегчы. Дзверы добра прысталі да вушакоў. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра клічку, мянушку). Калі ён прыехаў на будоўлю, нехта мянушку яму прыдумаў: жырафа, але мянушка не прыстала. Гроднеў.

2. Разм. Перадацца; прычапіцца (пра якое‑н. пачуццё, хваробу і пад.). Занядужаў хлопец, а што за хвароба да яго прыстала — розуму не дабраць. «Беларусь». — Табе што, стаіш, як дуда, на стрэлцы, да цябе і ніякая трасца не прыстане... Лынькоў.

3. Далучыцца, прымкнуць да каго‑н. І неяк так атрымалася, што да Люсі і Гошкі прыстаў у кампанію маленькі плячысты татарын Ахметка і дзяўчынка Валя. Даніленка. — Мы гэта, — сказаў за ім следам Радзівон Бабака, — прыйшлі з ім (глянуў на Стальмаховіча) запытаць у вас, як гэта трэба рабіць, каб да вас прыстаць у гурт, ці гэта заяву трэба пісаць, ці гэта як? Чорны. // Застацца дзе‑н. з якой‑н. мэтай. Маці раіла вайскоўцу: — Прыстаў бы ты, чалавеча, дзе ў вёсцы, перачакаў бы ліхалецце. Асіпенка. — Во хіба знайду якую ціхую вёску ды прыстану да якой ўдавы ці салдаткі. Лупсякоў.

4. Разм. Звярнуццца да каго‑н. з неадчэпнай, надакучлівай просьбай, размовай; назойліва прасіць аб чым‑н. Я перш адказваўся, але.. [Васіль Бераг] так прыстаў, што нельга было адгаварыцца, і я мусіў зайсці з ім к Піню. Гартны. [Касперскі:] Дык парайце, як лепей зрабіць. Жонка прыстала — завязі. Гурскі.

5. Спыніцца, прычаліць, падышоўшы да берага, прыстані і пад. Лодка прыстала да берага. Гаспадар яе цвёрда ступіў на жоўты пясок. Алешка. Калі лодка прыстала да апусцелага берага, каля сетак, развешаных на дручках, не пахаджалі ўжо нават і кантралёры-каты. Брыль.

6. Стаміцца, змагчыся. Падбілася і прыстала Клава, пакалола босыя ножкі, пачала адставаць. Шамякін. Зусім прыстаў дзед Астап, падгіналіся [калені] ад доўгай дарогі. Лынькоў. Конь увесь блішчаў — быў мокры ад поту: прыстаў. Пташнікаў.

7. Разм. Спыніцца на некаторы час; прыпыніцца. Міхал падыдзе і прыстане, І лаву жыцейка агляне. Колас. Можа, трапіш ты ў нашы Аколіцы Нарачы, Мястра, — Не мінай хат рыбацкіх, І ля гатаўскіх сосен высокіх Прыстань адпачыць. Танк.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Пакінуць след, адбіцца. Гады быццам да яго не прысталі. □ — Будуць лаяць, і не толькі, мусіць, цябе адну, будуць усім нам кідаць абразы, а хіба гэта прыстане? Галавач.

•••

Прыстаць (прыбіцца) да берага — замацавацца на пэўным месцы на доўгі час, заняць пэўнае месца ў грамадстве.

Прыстаць з нажом да горла — неадчэпна, настойліва дамагацца свайго.

Прыстаць (пайсці) у прымы — стаць прымаком.