пры́святак, ‑тка, м.
Разм.
1. Невялікае свята. У вёсцы гэты дзень [1 верасня] стаўся прысвяткам, бо маткі і бацькі таксама неяк удзельнічалі ў ім. Дубоўка. Кожны прысвятак ці свята У Сцяпана поўна хата — Сват і кум і так знаёмы Чуюць тут сябе, як дома. Крапіва. Якраз прысвятак надарыўся, што з коньмі людзі не рабілі. Калюга.
2. Перадсвяточны дзень. І гэты прысвятак прад самым святам — Падмесці сцежкі і пяском прысыпаць жоўтым. Семашкевіч.
прысвяці́ць, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.
1. каго-што. Прызначыць каму‑, чаму‑н., для каго‑н., якой‑н. дзейнасці. Прысвяціць жыццё мастацтву. □ Надзея рашыла прысвяціць сябе любімай справе, якой так і не здолеў аддацца яе муж. Васілёнак. // што. Затраціць, выкарыстаць на што‑н. Другую палавіну дня напярэдадні адлёту касманаўты прысвяцілі развітанню з Масквой. Шыцік. Некалькі вечароў прысвяціў ксёндз Пацейкоўскі, каб улажыць казанне на першае набажэнства. Колас. У клас Віктар Паўловіч прыйшоў узбуджана вясёлы, увесь урок прысвяціў падагульненню. Шамякін. // што. Напоўніць пэўным зместам, зрабіць адпаведным якой‑н. тэме, якім‑н. пытанням. Чарговыя свае заняткі Зіна прысвяціла чытанню новых рашэнняў партыі і ўрада аб уздыме сельскай гаспадаркі. Кавалёў.
2. што. Зрабіць, стварыць што‑н. у гонар каго‑, чаго‑н., прызначыць каму‑, чаму‑н. (звычайна мастацкі твор) як знак павагі, пашаны да каго‑н. Прысвяціць раман памяці маці. Прысвяціць рэкорд гадавіне Кастрычніка. □ Перад ад’ездам на фронт .. [Пасмітны і Лыкоўскі] прысвяцілі адзін аднаму свае вершы. Васілёнак.
прысвяча́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да прысвячаць.
прысвяча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прысвяціць.
прысвячэ́нне, ‑я, н.
Надпіс, уступная частка твора, дзе паказваецца, каму аўтар прысвячае гэты твор. «Катэхізіс» мае прадмову — прысвячэнне кнігі князям Радзівілам, пад апекай якіх працаваў Будны. Шакун. — Ведаеш, Янка, трэба ў нашу валачобную песню дадаць прысвячэнне Вользе Сцяпанаўне. Колас.
прысе́ст, ‑у, М ‑сце, м.
У выразе: за адзін прысест — за адзін раз, адразу, за адзін прыём. Галоўны бухгалтар, між іншым, славіўся тым, што мог выпіць за адзін прысест цэлы тузін шклянак чаю. Васілевіч.
прысе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; зак.
1. Сагнуўшы калені, апусціцца. Воддаль прайшоў паўз бераг рудавалосы высокі хлопец, і дзяўчаты прыселі ў вадзе. Ваданосаў. Ткнуўшы ў зубы папяроску, ён, шукаючы кагосьці, паглядзеў вакол, прысеў на кукішкі і пацягнуўся ў агонь. Ракітны. Параход так раўнуў, што Сашка ад неспадзеўкі аж прысеў. Даніленка.
2. Тое, што і сесці (у 1 знач.); сесці на нядоўгі час. Стафанковіч.. раптам прыціх, прысеў на лаўку, пасля ўстаў, пасля зноў сеў і зноў устаў. Чорны. Можа першы раз за дзень і прысела Ульяна: яна і абедала звычайна, стоячы ля прыпечка. Гаўрылкін.
прысе́ў, ‑севу, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прысяваць — прысеяць.
прысе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што, чаго і без дап.
Пасеяць у дадатак да ўжо пасеянага. Прысеяць яшчэ грэчкі. □ — Сеяў я, вунь колькі працы ўклаў. Гектары з чатыры жыта на полі стаіць. А што за жыта — каласок у каласок! .. Ну, там і ў лесе прысеяў... Сіўцоў. // Разм. Засеяць. Сяргей з дня ў дзень хадзіў на працадні, «соткі» прысеяў — трохі абжыліся. Кухараў.