прысвяціць, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.
1. каго-што. Прызначыць каму‑, чаму‑н., для каго‑н., якой‑н. дзейнасці. Прысвяціць жыццё мастацтву. ▪ Надзея рашыла прысвяціць сябе любімай справе, якой так і не здолеў аддацца яе муж. Васілёнак. // што. Затраціць, выкарыстаць на што‑н. Другую палавіну дня напярэдадні адлёту касманаўты прысвяцілі развітанню з Масквой. Шыцік. Некалькі вечароў прысвяціў ксёндз Пацейкоўскі, каб улажыць казанне на першае набажэнства. Колас. У клас Віктар Паўловіч прыйшоў узбуджана вясёлы, увесь урок прысвяціў падагульненню. Шамякін. // што. Напоўніць пэўным зместам, зрабіць адпаведным якой‑н. тэме, якім‑н. пытанням. Чарговыя свае заняткі Зіна прысвяціла чытанню новых рашэнняў партыі і ўрада аб уздыме сельскай гаспадаркі. Кавалёў.
2. што. Зрабіць, стварыць што‑н. у гонар каго‑, чаго‑н., прызначыць каму‑, чаму‑н. (звычайна мастацкі твор) як знак павагі, пашаны да каго‑н. Прысвяціць раман памяці маці. Прысвяціць рэкорд гадавіне Кастрычніка. ▪ Перад ад’ездам на фронт .. [Пасмітны і Лыкоўскі] прысвяцілі адзін аднаму свае вершы. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)